
Нi Пятрук, нi хлопцы нiчога не гаварылi. Петруку хацелася прылучыцца да iх кампанii, але ён чуў, што як бы нешта лягло мiж iм i хлопцамi, i ў яго неставала смеласцi падысцi да сваiх даўнейшых сябрукоў. Кругом усе былi проста адзеты, i толькi ён адзiн кiдаўся ў вочы ўсiм сваёю формай. Ён дагадаўся, што гэта форма i клала той рубеж мiж iм i хлопцамi, каторы i стрымлiваў яго падысцi да iх, як даўней, i пачаць разам гульню. Трохi пастаяўшы i падумаўшы, Пятрусь пабег зноў у хату, скiнуў свой мундзiрчык, нацягнуў свой стары каптанiк, узяў яшчэ колькi цiкавых кнiжак з рысункамi i зноў выбег на вулiцу. Цяпер ён смела падбег да хлапцоў i, падышоўшы, хацеў сказаць iм "здрастуйце", як гаварыў ён у гiмназii да сваiх таварышаў, але ў сяле мiж малымi такога звычаю не вялося, i ён проста сказаў:
- Хадзем пагуляем. Я пакажу вам цiкавыя малюнкi.
Хлопцы пералезлi цераз паркан i падышлi да Петруся. Трохi счакаўшы, яны ўжо бегалi на задворках i агародах, рвалi моркву, скраблi яе трэсачкамi або проста абцiралi аб сваю адзежу i елi. Пятрусь ад iх не адставаў. Цяпер на яго галаве сядзела шапка з чужой галавы, а ў яго шапцы бегаў адзiн з таварышаў. Хлопцы гаварылi, крычалi, шумелi. Мiж iмi пачалася гульня. Кожная старана старалася выказаць найцiкавейшыя штукi i гэтым самым выклiкаць у другiх зайздрасць i здзiўленне. Гаворка iх была самая жывая i борзда пераскоквала з аднаго на другое, i такiм парадкам праз колькi хвiлiн хлопцы сталi гаварыць аб дужанцы.
- Ну, давайце падужаемся! - гаварыў Пятрусь i выставiў уперад адну нагу i напляваў на рукi.
Зiрнуўшы ў акно, Петрукоў бацька ўбачыў, як яго сын качаўся з хлопцамi ў пяску.
- Пятрусь! Пятрусь! што ты гэта робiш?
Яму здавалася, што яго сыну непрыстойна займацца гэткiм глупствам i, звярнуўшыся да жонкi, сказаў:
