- Зусiм ён тут адзiчэе, паглядзi: i форму сваю скiнуў, ледзьве пазнаў.

- А што ж там такое, калi пагуляе? Вядома, дзiця яшчэ, - заступiлася мацi.

Паклiкаўшы Петруся, бацька строга сказаў:

- Табе, Пятрук, не надта прыстойна качацца па пяску. Убачаць людзi смяяцца будуць. Скажуць - такi самы мужык.

- А хiба ж я пан?

- Павiнен быць лепшы за пана! Што там пан? Усякi сам сабе пан. А ты вось што: сягоння ў нас будуць госцi, дык ты прыбярыся i, глядзi, трымайся так, каб нiхто не смеў на цябе тыкаць пальцам! А госцi будуць не простыя.

II

Вечарам на змярканнi пачалi збiрацца госцi. Першымi прыйшло колькi сталых, паважных гаспадароў, а потым сталi збiрацца i госцi вышэйшага стану: сядзелец, пiсар са старшынёй, ураднiк, дзяк.

Гэтыя паны-госцi варты таго, каб аб iх сказаць хоць колькi слоў.

Пiсар быў мужчына гадоў за трыццаць. Ён лiчыў сябе чалавекам, цэлай галавой большым ад усiх i самым патрэбным у гасударстве. Бо i праўда, чаго нi кранiся - усюды пiсар. Хто галоўная труба ў валасным судзе? - пiсар. Хто робiць раскладкi? - зноў пiсар. А хто выдае пашпарты? - пiсар жа. Адным словам, куды нi павернешся - пiсар i пiсар. Дык i не дзiва, што гэты пiсар так многа забраў сабе ў галаву. Ураднiк жа часам казаў яму за чаркай:

- Што пiсары валасныя? - затыклы, папiхачы.

Але пiсар на гэта адказваў:

- Ну, гэтага не скажы! А вось з цябе, то карысць невялiкая: кожны валасны стораж патрапiць споўнiць ураднiкаву "хункцыю".

Сядзелец больш маўчаў, i ажыў толькi тады, як на стале станавiлася добрая закуска i выпiўка. Тады яго вочы блiшчалi, i ён пачынаў што-небудзь хлусiць. Дзяк быў вядомы ў сяле тым, што раз, прабiраючы мужыкоў, што нiхто з iх не ўмее гаварыць пацеры, узяўся сам паказаць, як трэба гаварыць пацеры, i збiўся, а ўсе паднялi яго на смех, бо дзяк часта любiў умешвацца не ў сваё. А пра ўсiх разам можна было сказаць, што гэта былi людзi, якiя ад доўгай сваёй практыкi прывыклi пры спатканнi з чалавекам перш паглядзець на яго рукi i кiшэнi, а потым ужо пазiраць яму ў вочы.



3 из 7