- То сабраў бы зубы ў прыгаршчы! - гняўлiва адказаў ураднiку Пятрусь.

- Цi я не казаў, - падхапiў i дзяк. - От як яны паважаюць начальства i старшых! Разумнага маеш, Тамаш, сына.

А бацька перш не ведаў, што рабiць. Потым ён борзда падняўся i абярнуўся да Петруся.

- Цябе вучылi ў гiмназii розным навукам, i я iм дзякую за гэта. А цяпер я навучу цябе, як трэба шанаваць гасцей.

З гэтымi словамi бацька ўзяў сына за вуха. Потым перапрасiў гасцей i прасiў iх выбачыць гэта глупства сыну.

Пятрусь загарэўся ўвесь з сораму. Ён даўно ўжо адвык, каб яго круцiлi за вушы. Здаецца, каб паднёс да яго твару запалку, то ён запалаў бы.

У адзiн момант Пятрусь шуснуў пад стол, выскачыў на хату. Узяўшыся за клямку, ён сказаў:

- Калi ты iх наклiкаў, то i сядзi з iмi, а я з такiмi сядзець не буду.

Госцi разышлiся. Позна ўжо знайшоў бацька Петруся ў гумне.

- Сынок! ты на мяне не гневайся. Я i сам каюся, што наклiкаў гэту псярню. Але не мог жа я пахвалiць цябе за тое, што ты iм сказаў. Праўда на тваiм баку, i яны заўтра будуць саромецца самi сябе.

I сын з бацькам у згодзе пайшлi ў хату.

Толькi ж у Петруся глыбока-глыбока запала ў душу гэта крыўда, i ён нiколi не мог успомнiць пра гэты выпадак без таго, каб сэрца яго не сцiснулася тупой боллю.

1913 г.



7 из 7