- Два рублi i тры з чвэрцю капейкi.

Пiсар паглядзеў.

- Гэта ваша навука так лiчыць, а мы, людзi-практыкi, робiм крыху iначай: замест драбнiц лiчым цэлую капейку. Вот табе i будзе залажыць банчок.

Крыху памаўчаўшы, пiсар зноў сказаў:

- Навука - рэч не кепская, ды толькi для таго, хто ўмее з яе карыстаць. Ну што з таго, што наш земскi, каб далёка не хадзiць, вучоны? А прыедзе ў воласць i за кожным глупствам iдзе да пiсара. А пiсар усё ведае, хоць ён у гiмназiях не вучыўся i экзаменаў вялiкiх не здаваў.

- Лайдацтва iдзе ад гэтай навукi! - стукнуў ураднiк кулаком па стале. Ось дай ты мужыкам навуку, i жыць на свеце нельга будзе. З чаго пайшлi гэтыя забастоўкi, дэмакраты? Усё ад навукi!

Тут ураднiк расказаў, як у сяло прыйшоў забастоўшчык.

- Хто ты? - пытаюць яго.

- Дэмакрат.

- А! ты канакрад?! Вяжы яго, вужа! - I ўраднiк, сказаўшы гэта, адзiн зарагатаў на ўсю хату. Ён ужо быў п'яны i пачаў прыставаць да маладзiц.

Слухаючы гэта, гаспадар сядзеў, як на iголках: спрачацца было нягожа: як-нiяк, а гэта былi яго госцi, i маўчаць таксама не выпадала, бо ён сам мужык, а вот вучыць свайго сына. I ён пускаў мiж вушэй п'яныя гутаркi дзiкiх людзей, якiя лiчылi сябе iнтэлiгентамi.

Горш за ўсiх тут чуўся Пятрусь. Яму даўно ўжо хацелася кiнуць гэту кампанiю, ды ён не хацеў саромiць бацькi i мусiў сядзець сярод гэтых чужых i нямiлых яму людзей.

А госцi пiлi, елi i п'янелi, i iх языкi, як сарваўшыеся з прывязi сабакi, пачалi малоць усякiя глупствы. А як ураднiк пачаў выкiдаць свае штукi, хлопец, не стрымаўся i, адвярнуўшыся да маткi, упаўголаса сказаў:

- Каб паноў-гасцей пасадзiць у клетку ды павезцi...

- Каго? нас у клетку? - спытаў пiсар, што меў вельмi чуткiя вушы i чуў гутарку Петруся. - Што ж мы, па-твоему, звяры, цi што?

У гутарку ўмяшаўся ўраднiк:

- Вот! я i казаў, якая з навукi карысць. Але што з цябе возьмеш, калi ты яшчэ дурное шчанё? Каб ты быў крыху большы, то я сам даў бы табе па мордзе.



6 из 7