Гэна першае аблiчча "новага парадку", што цяпер Пятухову клець аздабляла, прывёз учора з Глыбокага заўсёды да ўсяго дападлiвы iз сваiм гнядым конiкам рыжавусы Захарук.

- Алi-ж i добра Немiц гэтта бальшавiкоў адчыканiў! Ха-ха-ха! - рагатаў Уладзiмер Пятух. - Ты глянь, якiя пiрапуджаныя морды! От i драла даюць!

- I пабiларуску во ўсё! Знаiць, каб яго халера!

- Ну як-жа яму нi знаць... Кажуць-жа, што Бiларусам цяперака нейкую ўладу дадуць.

- Ого?

- Дадуць, як гэныя далi, адно рот разяўляй.

- Ну а паглядзi што унь пiшуць: Бiларусы, вас чакае зямля. От як!

- Ага, чакаiць. Тры мэтры на паўтара на кожнага!

- Эх ты, разумнiк гэткi!

Асноўная ўвага на Захаруку трымаклася. Сядзеў ён, прыгорбiўшыся, на лаве, пугаўём пясок мiж каравых босых ног тачыў. Паволi, дрыжачым голасам гаварыў:

- У Бярэзьвiцкай цюрме надта-ж многа нашага народу яны, нячысьцiкi, зглумiлi. Немiц кажыць, што гэта Жыды з НКВД так мардавалi, пiрад тым значыцца, як уцiкаць мелi. А гэта яны ў быўшым манастыры наш народ дзiржалi. От гэта я на свае вочы вiдзiў, што многа закатаваных ляжыць. А расказваюць, што надта-ж зьдзеквалiся зь людцаў бедных - вешалi, насы абразалi, вочы выкалвалi, бабам грудзi выразалi, жываты паролi, каб iм, баньдзюгам, на тым сьвеце так давялося!

- Ах, Матка Боская, людцы бедныя!

- Яны, сукiны сыны, нiкаторых так зьнявечылi, што родныя свае нi пазнаюць... Божа мой, як паглядзеў я! Нашто ўжо жывот у мяне крэпкi, а чаго кiшкi ня вывернула. А людзей мора, усе сваiх шукаюць!

- Ты, дзядзька, кажаш, што гэта нашыя людзi. А хто яны?



14 из 377