
Звычайна вясёлы й жартаўлiвы Захарук цяпер абмiнаў сканцэнтраваныя на iм зрок сабраных, быццам сам вiноўнiкам тых злачынстваў быў. На чэрствым сялянскiм твары цень жаху гаспадарыў. Дрыжэлi вусны. Забыўся, што пагасла ў пальцах самакрутка.
- Многа каго людзi па паперках пазналi. От-жа на двары многа сьледчых дакумантаў валяецца параськiданых. Гэта-ж, мусiць, нячыстая сiла, зьбiралi ўсё ў кучу, каб спалiць, ды ня ўсьпелi. А вецер параськiдаў. Значыцца там судовыя й сьледчыя паперы iзь зьнiмкамi й прозьвiшчамi. Найболi Бiларусаў, а ёсьць Палякi й Жыды таксама.
- I Жыды забiтыя?
- А як-жа. А з нашых, кажуць, дык многа папалася гэта каторых нахапалi апошнiм часам пiрад прыходам Немца. Глыбокае, кажуць, Немiц разбамбiў адразу дык тады энкавудэ i ўся бальшавiцкая ўлада пяткi падмазала. Колькi дней нiкога ня было й людзi пападчышчалi крамы, як i гэтта ў нас у Гацях. Але тады гэтыя, нячыстая сiла, вярнулiся яшчо назад i давай, хто папаўся пад руку, проста страляць, або ў Бярэзьвiчы... Дык от так масу народу нашага на той сьвет зьвялi. Ну i кажуць, нахапалi апошнiмi чадамi нашых грамадаўцаў...
Ледзь варушыў лiсьцем дрэў лагодны лiпеньскi вецер, нярухома стаяла побач гойдаўка. Ля Бураковых прысадаў журботна выў Ромка, а ў Тахвiлiным садзе трашчэла сарока.
- Каб яго халера, сабаку гэтага! - лаяў Пятух Уладзiмер. - Нiкому нi даецца, нiяк во нi прынадзiш. Саўсiм зьдзiчэiць.
Сонца за поўдзень хiлiлася. Позна ўчора Захарук з гораду вярнуўся. Сяньня ранiцай прынёс Пятуху Ўладзiмеру афiшкi й папрасiў, каб на клецi папанаклейваў. Ашныраўшы новае, Пiлiпаў Арсень, а там ужо i Аўдоля ягодка па вёсцы навiну разьнесьлi. Неўзабаве пачалi зьбiрацца людзi, iшлi яшчэ й цяпер.
- З гэтага боку, воддаль ад манастыра, - прадаўжаў Захарук, - выкапалi вялiзную яму й туды закатаваных ськiдалi. Я працiснуўся перазь сьцяну народу й прыгледзiўся: Божа мой, аж нос ад смуроду зарываiць. Як снапы, паськiдваны пластамi, толька што парубнём ня прыцiснутыя.
