
За супрацiў нямецкiм уладам - сьмерць.
Выдаваць нямецкiм уладам дэзэртыраў i ўцёкшых палонных з Чырвонай Армii. За перахоўваньне iх - сьмерць.
Па захадзе сонца, ад гадзiны восьмай у гарадох i мястэчках, да шостай ранiцы нельга хадзiць па вулiцах бяз пропускаў.
Жыды ня маюць нiякiх правоў. Адносна iх будуць выданыя спэцыяльныя загады. За перахоўваньне Жыдоў i помач iм - сьмерць.
У пытаньнях гаспадарчага й грамадзкага парадку, да часу ўстанаўленьня цывiльнае ўлады, зьвяртацца да мясцовае нямецкае камандатуры.
Янук скончыў чытаць, яшчэ прыгледзiўся вялiкаму й прыгожаму шрыфту ды аддаваў загад Захаруку.
- Ды навошта яна мне? Павесь на сьцяну.
- Сьмерць, сьмерць ды сьмерць. Здорава! - сказаў Тодар Кмiт.
- Ну а што ты думаiш, Немiц з табой цацкацца будзiць, калi нi паслухаеш? - сказаў Уладзiмер Пятух. - Парадак трэба-ж...
- Ну парадак трэба. Дый глядзi, многа камунiстаў пахавалася.
- Ну а пра Жыдоў ня чуў болi? - пытаўся Захарука дзед Якуб. - Што зь iмi? Чаму iм права нiякага?
- Людзi кажуць, што Немiц iх здорава прыцiсьнiць. Нiбыта ў Польшчы пазганяў iх i дзержыць асобна ды на работу пад канвоем ганяiць. А так нiякiх правоў нi маюць. Хто-ж яго ведаiць, што ён тутака зь iмi рабiць будзiць. Ужо каму як каму, а Жыдом, вiдаць, ад Немцаў пападзецца.
Гутарка расплылася. Кажнаму рупiла свае думкi пра пачутае выказаць. Да гурту ля Ўладзiмеравай клецi тымчасам прывалюхаў Сымон Пятух. Аброслы твар, з роту тарчэла смуродная казiная ножка. Зашмуляная сьвiтка, неадлучная аладка-кепка на галаве. Згорблены, ён, быццам напалоханы заяц, асьцярожна кiваў на бакi, як-бы баяўся каб хто на яго сабаку ня спусьцiў.
- Эй, Сымон, як тамака калхоз твой? - жартаваў Алесь.
Лiтоўскi гультай ня прывiтаўся зь людзьмi, дый не хацеў, вiдаць, усiм на воку быць. Калiшняя пэўнасьць i нахабнасьць зьнiклi iз зношанага твару. Заклапочаны, ён ня мог людзям проста ў вочы глядзець.
