- А ягодка-ж мая, гэта-ж нi дай ты Божа, каб i iх пабiлi. Як-жа гэта можна так над людцамi зьдзеквацца?

- Ну й што будуць з гэтымi забiтымi рабiць?

- Цяперака там Немiц ужо зганяiць людзей з коньмi, вывозяць некуды.

- Ну а як хто свайго знайдзiць?

- Трупоў раднi аддаюць.

Дзяд Якуб маўклiва сядзеў на лаве побач Захарука, ссаў сваю неразлучную люльку. Цяпер загаварыў.

- Дык кажаш многа там яго, каб яго макарэц, гэтага Немца? А хто табе во гэтыя паперкi на сьцяну даў?

- Дык, гэта-ж самае, казалi на рынку людзi, што Немiц раздаваў. Але мяне тады там нi было, ня вiдзiў што за Немiц. От я задзержыўся на рынку, гляджу - куча людзей, нешта чытаюць i гаворуць, дык i я туды. Нейкi дзядзька й мне афiшкi ўруку тыцнуў. Вязi ў свае сяло, - кажыць, - нiхай людзi чытаюць. Дык я й прывёз. Але мне здаецца, што я яшчо адну цi болi iх меў, ды запхнуў недзiка...

Кiнуўшы даўно патухлы недакурак, Захарук шарыў па кiшэнях.

- А цi многа там таго Немца, каб яго макарэц спапялiў? - пытаўся дзед Якуб.

- Ды ёсьцека. Вунь i на станцыi, i гiмназiю занялi, усюды iх. Але, гэта, кажуць, праездам. Ага, во яна, гэта самая паперына.

Ён выняў зь кiшэнi й разгарнуў невялiкi, як на дзьве бачыны сшытка, шэры лiст друку.

- Хто тут найлепi прачытаiць? - зiрнуў навокал дзядзька. - От ты. Янук, чытай, нiхай усе слухаюць.

Янук падыйшо-ў да Захарука, узяў пакамечаную паперку, прыглядаўся ей.

- Да жыхароў вызваленых тэрыторыяў! - пачаў юнак. - Вялiкая й няпераможная Нямецкая Армiя вызвалiла вас ад жыда-бальшавiцкага гвалту. Дзякуйце за гэта Вялiкамуi Правадыру Нямецкага Народу Адольфу Гiтлеру.

- Крапчэй ты, ядрыт тваю палку, бо нi чуваць!

- Ну добра, добра, чытаю-ж... Для канчальнай перамогi над бальшавiзмам вы мусiце падпарадкоўвацца й памагаць Нямецкай Армii. Для ўстаўленьня парадку й бясьпекi на вызваленых землях загадваецца наступнае: здаваць нямецкiм уладам усю зброю. За ўкрываньне зброi - сьмерць.



17 из 377