Асаблiва мясцовы калярыт ажываў на Сёмуху, калi зьмешаны з ладанам пах бярозак дурманiў галаву, лёгкi вецярок лашчыў шматкаляровыя касынкi на галовах схiленых у малiтве жанчын, што ў набожнай скрусе згуртавалiся перад аўтаром i вонках сьвятынi.

Як грацыёзная дзеўка, апранулася ў сваё пышнае хараство прырода. Урачыста шапталiся вакол гонкiя бярозы, лiпы й клёны, у пчалiным гудзе млелi краскi. На ўзлесьсi, ля шэрагаў калёсаў, адганяючы нястомных аваднёў, фыркалi конi й гiмнам спад неба суправодзiлi голас сьвятара галасiстыя жаўранкi. Зiрнуўшы на грамаду вернiкаў на ўлоньнi прыроды, прыслухаўшыся хваласьпевам хору, ды водгукам жыцьцядайнай вясны, трэба было лiтаральна згадзiцца з тым, што "ўсялякае дыханьне хвалiць Госпада".

Царква нагадвала прыгожа змайстраваную цацку, умела й арганiчна ўпiсаную ў мясцовы пэйзаж. Але ад часу сiвых прапрадзедаў, за доўгiя й часам бурлiвыя дзесяцiгодзьдзi, ня вытрымала яна столькi глуму, як за кароткiх паўтара гады бальшавiцкае акупацыi. Насамперш улады зрабавалi зь вежы звон, а мясцовыя бязбожнiкi-актывiсты, у хмельным прыплыве вандальскага камунiстычнага энтузiязму, выламалi дзьверы, пабiлi вокны, зьнявечылi iконы, дэкарацыi й царкоўныя кнiгi. Як бедная й зганьбаваная сiрата, мiж магiльных помнiкаў, чакала сьвятыня новага ўваскрошаньня й сьвятлейшых дзён.

Царква калiсьцi належала да Слабодзкае, кiлямэтры чатыры з гакам адлеглае парафii. Гактары два царкоўнае зямлi спанукалi вернiкаў яшчэ за часоў польскае акупацыi пабудаваць гэтта новую й большую сьвятыню. Прырост мясцовага праваслаўнага насельнiцтва патрабаваў гэтага. Чужыя ўлады не дазволiлi, бо йшло гэта ў разрэз зь iхнай плянавай асымiляцыйнай палiтыкай. Тут-жа побач, быццам дзеля таго, каб задэманстраваць хто тут валадар i ў якой мове Бог нiбыта лепш модлы разумее, вырасла новая аграмадзiна мураваны польскi рымска-каталiцкi касьцёл.



20 из 377