А Бiм не можа - нестае сiлы.

- Пайшоў... Пайшоў... - цягне яго Iван Iванавiч.

I Бiм пайшоў. Цiхенька-цiхенька. Застаецца адно крыху. Але тут рэзка загад:

- Наперад!!!

Бiм скочыў. Шумна выпырхнула перапёлка. Бiм кiнуўся за ёю i-i-i... пагнаў, азартна, колькi ставала сiлы.

- Наза-ад! - крыкнуў гаспадар.

Але Бiм нiчога не чуў, быццам не меў вушэй.

- Наза-ад! - I свiсток. - Наза-ад! - I свiсток.

Бiм бег да таго часу, пакуль не згубiў з воч перапёлку, а потым, вясёлы i радасны, вярнуўся. Але што гэта такое? Гаспадар хмуры, глядзiць сурова, не лашчыць. Усё было зразумела: нiчога не чуе яго сябар! Няшчасны сябар... Бiм неяк асцярожненька лiзнуў яго ў руку, душэўна спачуваючы i шкадуючы за гэту непапраўную спадчынную непаўнацэннасць самае блiзкае iстоты. Гаспадар сказаў:

- Ды зусiм ты пра iншае, дурненькi. - I весялей: - Ну, дык пачнём, Бiм, па-сапраўднаму. - Ён зняў аброжак, адзеў другi (нязручны) i прышпiлiў да яго доўгую папругу. - Шукай.

Цяпер Бiм шукаў пах перапёлкi - болей нiчога. А Iван Iванавiч накiроўваў яго туды, куды пераляцела птушка. Бiму было няўцям, што яго сябар бачыў, куды прыкладна села птушка пасля ганебнае пагонi (чуць то не чуў, а бачыць бачыў).

I вось той жа самы пах! Бiм не зважае на папругу, звужае чаўнок, вядзе, вядзе, падняў галаву i вядзе паверсе... Зноў стойка! На фоне вечаровага сонца ён дзiвосна цудоўны сваёю незвычайнаю прыгажосцю, ведаць пра якую суджана мала каму. З лёгкiм трымценнем ад хвалявання, Iван Iванавiч узяў за канец повада, накруцiў на руку i цiха загадаў:

- Наперад... Наперад...

Бiм пайшоў на падводку. I яшчэ раз прыпынiўся.

- Наперад!!!

Бiм кiнуўся гэтаксама, як i першы раз. Перапёлка цяпер выпырхнула з гучным стракатаннем крылля. Бiм зноў быў кiнуўся бязглузда даганяць птушку, але... рывок за павадок вымусiў яго адскочыць назад.

- Назад!!! - крыкнуў гаспадар. - Нельга!!!



11 из 171