
Тут ён i даведаўся ўпершыню, што такое "балюча" i што такое "нельга". Гаспадар устаў з-за стала i строга сказаў:
- Нельга! - I тузануў за вуха. - Ты ж мне, дурная твая галава, "Бiблiю для веруючых i няверуючых" парваў.
I зноў:
- Нельга! Кнiгi - нельга! - ён яшчэ раз тузануў за вуха.
Бiм вiскнуў i падняў угору ўсе чатыры лапы. Лежачы на спiне, ён глядзеў на гаспадара i не мог зразумець, што ж гэта робiцца.
- Нельга! Нельга! - уталкоўваў знарок гаспадар, зноў i зноў тыцкаў кнiгаю пад нос, але больш не бiў. Пасля ўзяў шчанюка на рукi, гладзiў i гаварыў адно i тое ж самае: - Нельга, хлопчык, нельга, дурненькi. - I сеў. I пасадзiў сабе на каленi.
Такiм чынам, у маленстве Бiм атрымаў ад гаспадара павучанне з-за "Бiблii для веруючых i няверуючых". Бiм лiзнуў яму руку i пiльна паглядзеў у твар.
Ён ужо любiў, калi гаспадар гаварыў з iм, але разумеў пакуль што толькi два словы: "Бiм" i "нельга". I ўсё ж вельмi, вельмi цiкава было глядзець, як звiсаюць на лоб белыя валасы, варушацца добрыя вусны i як кранаюць шарсцiнкi цёплыя, ласкавыя пальцы. Затое Бiм ужо зусiм-зусiм дакладна ведаў: вясёлы цяпер гаспадар цi сумны, сварыцца цi хвалiць, клiча да сябе або праганяе.
А гаспадар быў часам i сумны. Тады ён гаварыў сам з сабою i да Бiма.
- Гэтак вось i жывём, дурненькi. Ты чаго глядзiш на яе? - паказваў ён на партрэт. - Яна, браце, памерла. Няма яе. Няма... - Ён гладзiў Бiма i зусiм упэўнена гаварыў: - Дурненькi ты, мой Бiмка. Нiчога ты яшчэ не ведаеш.
Але не ўсё гэта было праўда, таму што Бiм разумеў, што гуляць цяпер з iм не будуць, ды i словы "дурненькi" i "хлопчык", ведаў, гаварылiся да яго. Таму, калi яго вялiкi сябар называў яго дурненькiм цi хлопчыкам, Бiм iшоў адразу ж, як на клiчку. А калi ён пачаў разумець iнтанацыю голасу, то меўся вырасцi ў разумнага сабаку.
