Але цi толькi розум вызначае становiшча сабакi сярод сваiх братоў? На жаль, не. Акрамя розуму ў Бiма не ўсё было так добра.

Праўда, нарадзiўся ён у пародзiстых бацькоў, сетэраў, якiя мелi вялiкую радаслоўную. У кожнага яго прародзiча быў асабiсты лiсцiк, пасведчанне. Па гэтай анкеце гаспадар мог бы дабрацца не толькi да прадзеда i прабабкi Бiма, але i ведаць, захацеўшы, прадзедаў прадзеда i прабабчыну прабабку. Гэта ўсё, вядома, добра. Але справа такая, што Бiм пры ўсiх сваiх вартасцях меў i вялiкi недахоп, якi потым даў знаць i ў многiм вызначыў яго далейшы лёс: хоць ён быў з шатландскiх сетэраў (сетэр-гардон), але акрас аказаўся зусiм нетыповы - вось у чым загваздка. Па стандарту паляўнiчых сабак сетэр-гардон абавязкова павiнен быць "чорны, з блiскучым сiняватым адсветам - колеру воранавага крыла - i абавязкова з вялiкiмi яркiмi рыжавата-чырвонымi падпалiнамi"; нават белыя значкi на нявызначаных стандартам мясцiнах лiчацца за вялiкi недахоп у гардонаў. Бiм жа вырадзiўся такi: тулава белае, але з рыжаватымi падпалiнкамi i нават з ледзь прыкметным рыжым крапам, толькi адно вуха i адна нага чорныя, сапраўды, як воранава крыло; другое вуха мякенькага жаўтавата-рыжанькага колеру. Сама па сабе дзiўная з'ява: па ўсяму - сетэр-гардон, а акрас - нiякага падабенства. Нейкi далёкi продак напомнiў пра сябе Бiмам: бацькi - гардоны, а ён - альбiнос пароды.

А наогул, з такою рознакаляровасцю вушэй i з падпалiнкамi пад вялiкiмi разумнымi цёмна-карымi вачыма пыса Бiма здавалася сiмпатычней, адметней, магчыма, нават разумней, чым у звычайных сабак. I, паверце, усё гэта нават нельга было назваць пысаю, а лепей - тварам сабакi. Але па законах кiналогii белы акрас у такiм выпадку прыкмета, што выраджаецца парода. Як нi глянь прыгажун, а па стандарту гарнiтура зусiм-зусiм чужы, нават шкодны. Вось такая бяда была ў Бiма.



3 из 171