Думалася, што ўсё роўна не заснеш. Лагацкi абуўся, апрануў у калiдоры палiто i выйшаў на лесвiцу. Адразу ж абступiў яго пах фарбы, халоднай тынкоўкi i пылу - заўсёдны пах пад'ездаў, скупа падпраўлены цёплым духам чалавечага жытла. Расцiснутыя абцасамi, на пляцоўцы валялiся недакуркi. Лагацкi ўспомнiў: учора ў суседняй кватэры спраўлялi праводзiны. Iшоў у войска Толiк, токар нейкi цi будаўнiк. У пад'ездзе вечарам было шумна. Потым па яго, Лагацкага, прыходзiў гэты самы Толiк: "Сабралiся... Леанiд Iванавiч... Разам з намi..." Дзiвак нейкi, яны ж былi амаль незнаёмыя. Лагацкi не пайшоў. Ага, ён правяраў тады студэнцкiя работы. Каб не забыцца заўтра ды даць гультаям гэтым добрага прачуханца. Работы здавалi позна - ясна: пiсалi за адзiн вечар. Якi-небудзь курсавы генiй будзе пасля хiхiкаць: бура i нацiск, трохi натхнення i трохi часу. Глупства! Наогул, студэнты сталi не тыя. Многа з вытворчасцi. Думаюць, што ўведалi ўжо жыццё. Чытаюць Рэмарка. Глупства!

Цяперашнiя студэнты не падабалiся Лагацкаму. Ён i не заўважыў, як у яго сапсаваўся настрой. Зноў ла лесвiцы ўбачыў недакуркi, i зноў успомнiўся Толiк. Якраз дарэчы: не хацелася думаць пра студэнтаў. "Дарэмна ўсё ж пакрыўдзiў хлопца, не схадзiў на гэтыя праводзiны. "На адыходную" - здаецца, сказаў Толiк. Палiчыць, што абышоўся з iм па-свiнску, i будзе мець рацыю. Не праз работы ж тыя адмовiўся... Не, не палiчыць: я для яго, вiдаць, дужа занятая, вучоная асоба. Смешна гэтак саромеўся, запрашаючы да сябе, i чамусьцi выцер аб палавiк ногi, калi выходзiў". Лагацкаму стала сорамна: "Вучоная асоба! Нiчога сабе апраўданне... Якая прыкрасць!"

Выбiта шкло ў дзвярах, на фанерцы крэйдай напiсана: "Тут жыве Зоя". I стаяць тры вялiкiя клiчнiкi. "Якая-небудзь Толiкава знаёмая, i, глядзi, была на провадах. Добра, што не пайшоў туды, а то давялося б прыкiнуцца другам моладзi. Так сказаць, старэйшы таварыш i юная змена... Роля яўна не для мяне. I сваiх студэнтаў даволi".



2 из 7