
Ён падумаў раптам, што ўсё гэта глупства, i раззлаваўся на сябе: "Ну, не пайшоў, i добра... А тут нейкiя сумненнi, нейкi дзiцячы самааналiз. Смешна. I наогул..."
Ён выйшаў на вулiцу, спынiўся. Нешта незразумелае з iм робiцца ў апошнi час: ну, хоць бы гэты сон, бадзянне ноччу. Лагацкi пастаяў у роздуме, агледзеўся. Было маўклiва на вулiцы, пуста, i ў самай моцы быў марозiк, такi вастраваты, жорсткi, але прыемна цвярозлiвы. Няпэўна i нудна пачало паколваць у скронi: можа ад свежага паветра. "Чаго я выйшаў?" - думаў Лагацкi.
Якраз перад iм ляжаў, нiбы ў руiнах, недабудаваны дом, той самы, якi заўсёды бачыў з акна кватэры. Першыя цаглiны тут паклалi яшчэ вясной, летам будаўнiцтва чамусьцi спынiлi, а цяпер распачалi зноў. Лагацкi звыкся з домам, i ён стаў для яго нiбы жывой iстотаю. I, нiбы чалавек, дом абрастаў патрохi ўспамiнамi.
Стары знаёмец, ён дзялiўся iмi цяпер з Лагацкiм. А той разумеў усё i бачыў, як зямля, выкiнутая некалi экскаватарам, прыцярушаная пасля сняжком, рабiлася добраю горкай. Як прыходзiлi на яе дзецi, i вось: хто на санках, хто на нагах, а хто i на тым самым месцы, якому i належыць здаўна адказваць за нястрымныя гаспадаровы фантазii, спрабавалi тут i крутасць горкi i разгон з яе.
"Стары знаёмец, без аблiчча i нумара дом, - думаў Лагацкi, - i я расказаў бы табе, чым была для мяне гэтая незнарок падгледжаная наiўнасць. Ды ты не ведаеш, што такое пах i водар маленства, не разумееш, чаму чарнiльная пляма, выпадкова ўбачаная на снезе, можа хваляваць мацней, чым самае сталае дзiва".
Ды ён, Лагацкi, i не хацеў такога. Ён ведаў: сапраўднае дзiва было цi простае, як гэта дзiцячая горка, цi наiўнае, як выцвiлы паркаль. I сапраўды вецер быў блакiтны, як у сне. У iм было ўсё: трывожная смуга даляглядаў i незабыўнае святло маленства; дажджы густыя, як вецер, i пах сунiц; шчымлiвая радасць у сэрцы i непрыкрытае, вясёлае здзiўленне перад светам. Якраз усё тое, чаго не хапала цяпер Лагацкаму.
