
Але нiчога не прыйшло, i на душы засталася горыч. Са шкадаваннем успомнiўся сон, светлая цiша ў пакоi, ранейшы настрой, i ён падумаў: "Куды ж адышло ўсё гэта?" Замест адказу паўстаў у памяцi ўчарашнi вечар, праводзiны, Толiк, i цяпер ужо выразнай, неадступнай стала незадаволенасць сабой. "Я чэрствы, раўнадушны чалавек, - сказаў сабе Лагацкi, - але не хачу прызнацца ў гэтым i таму гуляю ў хованкi з сабой. Тры гады жыў побач з гэтым Толiкам i амаль не ведаю яго, зрабiў яму прыкрасць - i хачу апраўдацца. Я не пайшоў таму, што проста баюся людзей, баюся, каб яны не ўбачылi, што ў мяне згубiлася нешта i што ўсё мне нецiкава. I гэтых новых студэнтаў я не люблю таму, што яны не такiя, як я, што жывуць па-свойму i цiкавей за мяне".
Так ён думаў, i яму здавалася, што ён думае шчыра. I дзiўна: у гэтай гаворцы з сабою, у гэтых непрыемных прызнаннях была для яго нейкая помслiвая асалода. Яшчэ раз ён агледзеўся: падумаць толькi, гэта ж нечага прастаяў тут, папаўшыся, як дзiця на забаўку, на нейкiя марныя летуценнi. Брала злосць на сябе, Лагацкi адчуў нечакана, што ўвесь схаладнеў. Ён наставiў каўнер i пайшоў па вулiцы. Гэта нават яшчэ не вулiца была, а проста дарога: дамы тут стаялi з аднаго толькi боку. Справа, затулены нейкiмi майстэрнямi, цягнуўся нешырокi пустыр, аж пакуль не ўставаў на яго шляху адзiнокi, вясковага выгляду дамок. Дарога за iм збочвала ў яшчэ адну, шырокую вулiцу. Недзе там узнiмалася сцяна таполяў, i Лагацкаму вiдно было, як трапяталася зыркае святло лiхтара ў шэрым iх галлi.. На адкрытым месцы яшчэ больш даў адчуць сябе халадок. Несучы зялёны агеньчык, з-за адзiнокага домiка вышмыгнула таксi, пранеслася паўз Лагацкага. Пачулася з машыны музыка. Стала маркотна. I можа так i трэба было - выплыў успамiн... Генадзь Парукаў - выкладчык англiйскай мовы, iнстытуцкi знаёмы.
