Ён адчуваў, што вельмi змарыўся. Лекцыi ў iнстытуце стамлялi яго i можа яшчэ больш - размовы ў прафесарскай. Званiў тэлефон, выходзiлi i заходзiлi людзi, сакратарка бегала з раскладам, выкладчыкi скардзiлiся на студэнтаў, быццам усё гэта было так важна i быццам студэнты былi калi-небудзь анёламi. Лепш за ўсё было Лагацкаму, калi не турбавалi яго. I тады можна было сядзець, не слухаючы, засяродзiўшыся ў сабе, - i гэта было чаканнем дзiва. I яно прыходзiла i шчымлiва кралася ў сэрца то нечым голасам, пачутым з калiдора, то скразнячком, што бiўся ў фортцы, то шчодрым пахам вады, невядома кiм распырсканай па падлозе. Гэта блукаў недзе i трывожыў Лагацкага блакiтны вецер.

I вось нiбы спадала з яго плячэй i такой непатрэбнай рабiлася сталасць, i, здавалася, усё пражытае i перажытае раней, паназбiранае з гадамi па кропельцы i драбнiцы, не варта было i самай маленькай часцiнкi чаканага дзiва. Чаму так было, Лагацкi не ведаў. Можа гэта вярталася жыццё на паўзабыты нейкi круг маленства, можа гэта тужыла душа па нечым, што адышло i што згубiлася са сталым вопытам, а можа тут была i проста незадаволенасць сабой - Лагацкi сказаць не браўся. Нешта незразумелае рабiлася з iм, i яно шукала сабе выйсця.

Толькi ён, Лагацкi, цяпер не думаў пра гэта. Спаў горад, нязвыклая таямнiчасць панавала наўкол. I такi даступны i недаступны цяпер адзiноце, Лагацкi глядзеў i слухаў - i цiшыня, i ноч цяклi паўз яго. Ляцелi на лiхтар сняжынкi, нячутныя i цiхiя, бы начныя матылi. Сiпеў i чухкаў недзе ў шэрых прыцемках паравоз. Трапяткi i тонкi праменьчык спускаўся з неба: мiргала над горадам зорка. I многае, многае адкрывалася тады i сэрцу, i зроку, i здавалася Лагацкаму, што ён чуе, як вастравата i скупа пахнуць i снег пры дарозе i лядок на ёй, i якi асаблiвы, густы халадок iдзе ад цэглы, панакiданай ля дома, i якi зусiм iншы, скразняковы ветрык дзьме з праёмаў пустых вокнаў. Сасновай свежасцю патыхала ад штабеля заiнелых дошак. I было адчуванне, што вось яшчэ трошкi, варта толькi захацець i напружыцца, як адкрыецца недаступная раней i нiколi яшчэ нязведаная пранiзлiвасць думкi, як прыйдуць небывалы спакой i яснасць. I ён тады неяк па-новаму гляне на сябе i на людзей.



4 из 7