А пасля i гэтая думка сплыла. I тады прыпомнiлася самае важнае, што ўсё рупiла неяк несвядома, знаходзiлася недзе ў глыбiнi iстоты i не афармлялася ў думках, а цяпер неяк раптам выплыла, з'явiлася i выявiлася ўжо як моцнае настойнае разуменне: "Гэта ж Буланага, калi нiхто не купiць, трэба будзе пусцiць пад нож на шкуру, яно то ўсё роўна яму ўжо канчацца, але..."

I тут раптам ужо была новая думка: "А можа яго i купiць хто..." I тут жа выявiлася яшчэ новая думка: "То ўсё роўна ж яго на шкуру купяць..."

I тады ўжо гэта пачало пераходзiць з думак у пачуццi.

- Яно то лепш не думаць аб гэтым, - сказаў пацiху Раман Драгун, мала ўжо разбiраючыся аб тым, аб чым гэта не думаць.

А пачуццё было. Было гэтае яно цьмянае i некае новае. Тады, як ранiцаю калоў ён трухлявы пянчук у саду, тады аб Буланым думаў таксама, як i аб гэтым пенчуку: "От пянчук раскалю, а Буланага прадам", а цяпер Буланы раптам як бы вырас сваёй iстотаю для думак. I на адзiн, на адзiн толькi момант стаў ён як бы мяжою мiж двума адчуваннямi свету.

Утварылася вострае раздзяленне мiж пенчуком i Буланым: матэрыял i iстота; матэрыял для жыцця i жыццё; i матэрыял для жыцця ад жыцця. Глядзi ты на матэрыял - што скажа жыццё? Глядзi ты на жыццё, каб цвiло - Буланы робiцца матэрыялам...

А тут якраз пачалi пералятаць цераз дарогу вароны, пачалi шукаць нечага на ёй i адцягнулi ўбок Раманавы думкi; уявiлася, што вароны пахнуць ветрам, а вецер пахне мокрымi кустамi. А ў кустах, пэўна, яшчэ вiдна з-пад мокрага снегу мокрая i зжаўцеўшая трохi за восень трава. Дык тады i ўявiлася яшчэ, што гэта i хаты там скрозь стаяць, i людзi там вакол ходзяць, i дарогi пад мокрым снегам ляжаць, i ўсё гэта ж прывычнае i блiзкае. Гэтае ўяўленне прывычна i натхнёна заўладала раптам пачуццямi зусiм i цераз глыбiню iстоты разагнала папярэднiя думкi, i тады ўжо ясна адчулася: дык Буланы гэта стары, яму ўжо канец падыходзiць. "Гэты канец прыйдзе, зробiцца неяк, адыдзе, а я пра яго забуду, а сам буду жыць, бачыць усё. I не мной гэта ўсё зроблена, i не мной будзе перароблена".



10 из 21