
I раптам, як бунт некi, выбухнула вастрата думкi: "А цi не павiнен я ў гэтым рабiць што? Чаго ж гэта еду я спакойна, калi вакол так?"
Але гэта думка засталася няскончанай i нават зусiм не сфармаванай, бо раптам прыпомнiў неяк, што заўтра нядзеля, i пры гэтым уявiлася, што ўсё будзе такiм, якiм будзе.
А пасля зноў з'яўляцца стаў нейкi непакой як бы ад таго, што Буланаму падыходзiць канец.
- Чорт яго ведае, от разбярыся тут, - сярдзiта плюнуў Раман Драгун i ткнуў Буланаму заднiкi ботаў пад чэрава.
Гэта работа навяла яго на звычайнае, i з'явiлiся новыя думкi аб тым, як гэта ён на Буланым i на Каштане вазiў гной, а вецер свiстаў у вушах. Была восень, разбiвалi гной, птушкi ляцелi.
I раптам зноў засвiстаў Раман Драгун:
- Фюй-фiць.
А пасля захацелася яму заспяваць, ды не мог прыдумаць ён песнi. I ўжо неяк як бы дзiвiўся - як гэта ён мог думаць аб усiм тым, аб чым нядаўна думаў. Што гэта ж Буланы стары, дык таквеле бяды: папрацаваў на iм некалькi год, даў ён карысць, а гэта будзе добрая шкура - матэрыял добры, значыцца...
А Буланы iшоў сабе паволi i не думаў i не ведаў, што над яго галавою ў чужой галаве некалькi раз змянялiся настроi. Буланы раздуваў свае старыя ноздры, трохi нават, як бы гэта прыпамiнаючы лета, памахваў аблезлым хвастом ды ўсё iшоў.
Усё iшоў ды iшоў...
IV
Маўклiваю дарогаю паволi прыйшоў дзень. Перш думаў ён нешта над соннаю вадою рэчкi i слухаў. Пасля азiрнуўся i ўбачыў: у шэрым холадзе маўчала зямля. Застыў яе смутак белаю мерзлатою i падышоў ужо да мяжы з радасцю: як развiднела, пачаў насiць вецер над зямлёю зыкi, цi то гэта сам моцна расказваў, цi то гэта нейкае выяўленне жыцця развяваў у прасторах...
