А хмары ўсё iшлi ды iшлi, усё паўзлi па нiзкаму небу i неўзабаве пачалi прападаць за даляглядам. I ўжо вiдаць стала шэрую яснасць неба; зноў пачалi ўпарта зваць у свае далi дарогi, зноў пачала далечыня зямных абшараў здавацца прывабнай, i зноў нараджалiся жаданнi ўсё iсцi ды iсцi.

Гэта так было на зямлi для людзей.

А тым часам Буланы бег паволi, наколькi дазвалялi старыя ногi ды нейкая, нiколi раней невядомая, трывога. Была яна недзе ў глыбiнi iстоты, неяк хадзiла па ўсiх жылах i паменшвала моц ног, але разам з тым i застаўляла бегчы. З'явiлася яна раптам, зразу пасля таго, як Мiкалай Бяляк хвацiў яго за морду, а ў руках Карася блiснуў нож. Тады раптам рвануўся Буланы, i некая сiла, зусiм незнаёмая ўжо на старасцi год, панясла яго па вузкай дарозе... Толькi ногi паднiмалiся ды капыты чаплялiся за высокiя межы асеннiх палеткаў... Пасля пайшлi за полем цiхiя кусты, а за кустамi блiснула срэбрам вады вузкая рэчка. Буланы пабег цераз яе. Трохi нават падскочыў, перакiнуў пярэднiя ногi на той бераг, а заднiмi боўтнуў у самае дно. I тады нешта цьмянае шавяльнулася недзе ў адчуваннях: "Гэта ж, мусiць, дагналi ды зрабiлi нешта". I тады ўжо залапатаў-забоўтаў нагамi ў вадзе, з усiх сiл рвануўся наперад i зноў пайшоў ва ўвесь дух па пустых паплавах. Пасля выбег у некую лагчыну, а там направа i налева кусты. Пад кустамi мох зялёны, пад нагамi балотная трохi трава.

Цiха было, спакойна, i ад гэтага паспакайнеў Буланы. Стаяў ён доўга на адным месцы, адчуваў, як хадзiлi ў iм ад удушша пад шкурай рэбры, ды ўсё, задзёршы галаву, цягнуў у сябе паветра.

Стаяў усё ды дыхаў, узнiмаў высока бакi...



16 из 21