
От так гэта тады Раман Драгун пянчук той калоў, а пасля аб Буланым думаў. Дык у гэтага ўсё жыццё было такiм. Не было нiчога нi нiжэйшага, нi вышэйшага, нават як бы патрэбнага i непатрэбнага. Усё было роўным, усё было на сваiм месцы. Б'ю конi - бо гэта мне патрэбна, каб жыць... I слёзы не з'яўлялiся нi радасцю, нi тугою - гэта тое, што з вачэй льецца...
Можа i з'яўлялася што ў яго, што абуджвае пачуццё аб выяўленнi ў слёзах радасцi цi смутку, але днi iшлi, плылi сабе, i ўсё плыло, рабiлася, варушылася. Пускаўся ў дзела амаль кожны дзень нож, прывыклася бачыць цёплую кроў, таксама, як прывыклася бачыць, што вакол цябе ходзяць людзi, на градах растуць гуркi, што калi тупы нож, дык iм трудна арудаваць i што наогул, калi ён тупы, то, значыцца, тупы...
Мiкалай жа Бяляк востра жыў момантамi. Як памагаў ён Карасю на шырокiм поплаве цi дзе ў полi ў рабоце каля коней, вельмi хацеў, каб хто гэта i чым пабольш людзей бачылi гэтую работу. I каб гаварылi аб гэтым, бо тут жа i было аб чым гаварыць - гэта ж колькi вакол тысяч людзей жыве, а толькi яны ўдвух тут робяць гэта.
I з вялiкiм захапленнем Мiкалай Бяляк расказваў пасля, як часам ад першага ўдару не падаў конь i загэтым было каля яго тады больш работы работы важнай, нават вялiкай у сваiм значэннi, такой важнай, як няважна ўся работа ўсiх тых, хто яго слухае...
Нi ён, нi Карась доўга не гаварылi з Раманам Драгуном. Вырашылi яны справу ў двух словах. Вырашэнне гэтых спраў ляжала галоўным чынам на Мiкалаю Беляку, i ён зараз жа ва ўсiм, у чым хацеў, упэўнiў Рамана Драгуна i назаўтра пасля гаворкi забраў у яго Буланага i павёў у поле, куды Карась неўзабаве прыйшоў вузкаю, абветранаю за восень сцежкаю...
I тут, у вялiкiм прасторы, сярод неабдымнасцi зямлi, павiнна было адбыцца тое, што ёсць самае важнае для разумення цi адчування iстоты: што жыццё - бязмернае i неабдымнае, i перад адчуваннем яго нiшто абшары свету, i сэнс яго - у радасцi; адчуваючы смутак, iстота адчувае i не забывае, што iснуе радасць i што ў ёй i ў вечным iмкненнi да яе - апраўданне жыцця.
VI
Пяць дзён пад вятрамi ляжала зямля, а пасля гэтыя ж вятры пагналi з захаду мяккiя хмары, а ад хмар цямней стала на зямлi, i тады прапалi вятры. I як бы хмары прыняслi цяпло - растала трохi падмёрзлая зямля, i зеляней, i весялей стаў выглядаць мох у задумёных кустах.
