
- Ку...-куд-ды, а-а-а! - растапырыў быў рукi Юзiк, а Раман Драгун, уцямiўшы раптам становiшча рэчаў, сказаў:
- Надвор'е прачысцiлася, то няхай, от, пацягаецца па паплавах, хоць абветрае трохi.
- А што ты думаеш, - адказалi яму.
На гэтым уся iх гаворка i скончылася. Яны разышлiся, несучы кожны ў сабе думкi, ужо не блiзкiя да Буланага. А Буланы прабег па вулiцы да трэцяе хаты, ды раптам адчуў, што баляць ногi. Тады ўжо паволi пайшоў, не пакiдаючы раздуваць ноздры - цi то гэта ад адчування блiзасцi поплаву, цi ад стомленасцi.
Так выбег ён за агароды i стаў грызцi дробную траву, i затым, што быў ён конь i не было ў яго таго, што выразна завуць думкамi, амаль згладзiлася ў яго тое ўсё, што было кагадзе, як бы гэта не было для яго мiнуўшчыны, не было яе выразна ў адчуваннях. Яна была ў жыццi i выяўлялася, напрыклад, у тым, што вось ад старасцi, ад быўшае працы i жыццёвай нягоды ногi сталi часта балець i вочы закарваць гноем, але гэта не была свядомасць, якое не было, а быў далёкi ад разумення i ўяўлення факт...
Ужо не плакаў дзень снегавою вадою, бо знiк ужо снег, толькi стаялi цiха ў ручаiнах гэтыя слёзы - як бы гэта дзень выплакаўся, i стала зусiм яму лёгка. Змыў ён слязьмi каламутнасць, што няпрошанаю прыйшла да яго, разагнаў волава хмар i пачаў смяяцца - ясна i цiха.
А тут яшчэ гусi, прагергетаўшы ўсю сваю сталасць на агародах, паднялiся ды белымi камякамi шуганулi цераз платы ў поле. Цяжка было iм плаваць у высотах, бо былi яны сытыя i сталыя, як тыя сцены, у якiх начавалi; так яны i пападалi на зямлю i пачалi там шукаць нечага.
Буланы грыз траву, а яны нечага шукалi, i была ў iх сталая вясёласць, зусiм не такая, як у Буланага. У яго проста было некае цьмянае жаданне. То цягнула яго некуды iсцi, падняўшы галаву, то страшна хацелася, лiха ведае адкуль, набраць повен рот травы ды ўсмак пажаваць яе. Проста гэта было тое самае, што застаўляла яго ў маладыя гады ляцець, задраўшы хвост, па загонах. Аж стогне зямля, аж енчыць дарога пад капытамi. Толькi пыл слупамi ходзiць там, дзе скача, бывала, Буланы. Як ужо яго нi путаў Раман Драгун - нiводнае пута не трымала яго: парве ды калi залапоча...
