I якое дзiва, што цяпер Самахвал Янка, убачыўшы Буланага, заўсёды трасе галавою ды выводзiць павольным голасам чуць не на дванаццаць тэмпаў:

- Што гэта быў за ко-о-о-онь - а-яй!..

От, не папытаў тады Янка Самахвал у маладога Буланага: "Куды ты так мчышся, задраўшы хвост?" I не меў Буланы чалавечага розуму ды языка, каб адказаць яму на гэта...

Гусi сабе вялi гаворку, а Буланы падняў галаву ды пайшоў паволi вузкаю дарогай туды, дзе чарнелi кусты.

II

Было гэта даўно ў чалавека, i больш яно ўжо нiколi не з'яўлялася; пачало забывацца, i нават сляды яго сплывалi ўжо па хвалях часу. А тады было яно моцнае, было яно вялiкае, як усё тое, што ёсць у чалавека, разам узятае, у пачуццях i думках. Бо праз яго тады праходзiла i пераламлялася ў iм адчуванне i ўяўленне ўсяго таго, што iснуе.

Быў Раман Драгун малодшы i мацнейшы, i думкi меў вастрэйшыя, але яны сталi слабымi...

Цiха было ў тыя днi ў хаце i на двары. I ён усё стараўся што-небудзь рабiць, чым-небудзь займацца па-за хатаю, каб не бачыць таго, што было ў хаце. Ляжала там яго хворая жонка i пакутавала. I гэта напаўняла ўсё, выходзiла за адчуваемыя абшары i было ва ўсiм. Так, гэта ён адчуваў. Была гэта ненармальнасць, быў хаос, i чалавек, заўсёды працiўны яму, шукаў гармонii. Выяўлялася гэта ў яго ў iмкненнi бачыць вакол сябе ўсё нармальнае, у сваiх берагах. Хоць бы ўявiць як, што гэта ўсё так i ёсць. Хадзiў ён па двары, па ўтоптанаму снегу, i былi ў яго дзве вышынi настрояў. То хацелася яму як бы сцiснуцца ў адзiн маленькi жмут, быць непрыметным, i каб такiм стала ўсе. Бо гэта была б процiлегласць таму ненармальнаму, страшнаму i вялiкаму.



5 из 21