I нарэшце зусiм пакiнулi i Буланага, i Рамана Драгуна. Пасля яшчэ падыходзiў нейкi высокi чалавек у зрэбных портках i суконнай жакетцы. Ён два разы ляпнуў Буланага па заду, пасля правёў рукою па шыi i галаве, да болi расцягнуў яму верхнюю губу, каб глянуць на зубы, i раптам адышоўся.

А Раман Драгун пасля ўсяго гэтага стаяў i думаў: "Нiчога не будзе: скура i дзела з канцом".

Было тады ў яго нешта падобнае да злосцi, i як бы гэта на Буланага, што нiяк выгадна не прадаць яго ўжо.

- Ну ты, скура, - сказаў ён з вялiка-сталым выглядам i пачаў на яго садзiцца...

Конна на Буланым ехаў вастратвары Раман Драгун; усё тоўк Буланаму заднiкамi шырокахалявых i нiзенькiх рыжых ботаў пад чэрава ды пасвiстваў:

- Фюй-фюйць!..

А Буланы i вухам не вёў. Праўда, ён то гэтыя вушы натапырваў, але нагамi перабiраў павольна. Толькi калi часамi вельмi ўжо моцна свiсне Раман Драгун, дык тады Буланы нек спрытна, але стала шавялiў задам ды яшчэ крывiў набок морду. Морда крывiлася лёгка, i быў выраз усяго гэтага такi, як бы гэта Буланы хацеў сказаць Раману Драгуну:

"Свiшчы, свiшчы, фюйкай сабе паволi, цi як сабе хочаш. Што ж з гэтага, ты - Драгун, а я Буланы. Ты сядзiш на мне, а я iду - а дарога сабе макраватая, пасля дажджу".

Так гэта нек уяўлялася, што гэтак-так думаў Буланы. На самай жа справе ён нiчога не думаў, бо не ўмеў думаць. Нек трохi блыталася недзе ў iм, у глыбiнi галавы, цi то гэта так недзе ў iстоце, а дзе, хто яго ведае, - што гэта, як хвацiў быў ён нядаўна на двары ў Сымона Шрота аўса, да якога Раман Драгун па дарозе заехаў на iм (што Сымон Шрот зваўся Сымонам Шротам, таксама Буланы не ведаў), дык вельмi ж пасля гэтай жменi аўса пагнала яго слiну, i хацелася тады больш хвацiць аўса, але Сымон Шрот, узяўшы ражку з аўсом i аблаяўшы курэй, якiя зазiралi яму ў вочы, недзе знiк. Слiну гнала некалькi хвiлiн, а пасля i гэтая работа зацiхла, але жаданне жаваць авёс i цяпер засталося.



8 из 21