
Ад гэтых гуллiвых i несвядомых жаданняў было тое, што Буланы часта атрымлiваў па спiне i ўжо злаўчыўся баяцца Раманавага гуку:
- Эй ты, малы! Фюйць!..
I гэта Раман рабiў без жадання пакрыўдзiць Буланага, гэта так толькi ўмеў ён выявiць тое, што было ў iм.
Калi Раман выпрагаў Буланага i пускаў яго грызцi межы, а сам лажыўся каля воза жаваць абветраны хлеб ды цiха сабе думаць, у Буланага з'яўлялася ў першы момант якраз тое, што людзi ў сабе называюць уздымам радасцi.
Так яно iшло заўсёды раўналежна - у Рамана i ў Буланага.
Цэлы дзень той валачыўся Буланы па полi. Нiчога ён там не пад'еў, толькi змёрз, бо к канцу дня захаладала i змрок стаў iмглiстым. I як чорны быльнiк i голыя кусты пачалi злiвацца з зямлёю, прыйшоў ён дадому, калi ўжо Раман Драгун збiраўся iсцi па яго.
III
Два днi ляжаў на зямлi снег - неглыбокi i вiльготны, i адной ранiцы паслужыў ён тэмаю для гаворкi.
- Зямля не замерзла, а снег ляжыць, - сказаў Раман Драгун, стоячы ў саду пад грушаю, i, прымецiўшы на другi бок плота Янку Самахвала, яшчэ сказаў: - Нялюдская некая зiма.
- Ат, якая гэта зiма, - адказаў Янка Самахвал, не думаючы, да яго гэта гавораць цi не, - хiба гэта снег - гэта гразь, а не снег.
Раман Драгун угледзеў каля плота трухлявы пянчук, летам яшчэ прывезены iм з лесу, i падумаў: "От валяецца, яшчэ горш згнiе. Трэба пасеч - то згарыць у печы".
Тады пайшоў у сенi, узяў сякеру i пасек пянчук, а пасля гэтага сказаў сам сабе:
- Карысцi з каня няма жаднае. Не будзе на вясну iм рабiць як усё роўна. Прадаць яго трэба, хоць ты што хочаш.
I ўжо як седзячы за сталом, засыпаным хлебнымi крошкамi, еў, усё думаў, якую гэта цану за яго прасiць. А пасля паволi i нек асцярожна закурыў, сеў на Буланага, i паехаў за пяць вёрст.
Там нейкiя людзi, у доўгiх крамных свiтках i чорных кажухах, падпяразаныя шэрымi i чырвонымi паркалёвымi паясамi, з бародамi i без бародаў, доўга тузалi Буланага, абмацвалi яго, праганялi памiж вазоў, ляпалi па iм рукамi i пугамi, крычалi нешта ў яго перад мордай, пасля таксама ляпалi па плячах Рамана Драгуна, тузалi i яго, бiлi па руках i ўсё траслi галавамi.
