Пры вялiкай чыгунцы, пры вялiкiм Сары-Азекскiм стэпе - маленькае звяно ў лiку iншых раз'ездаў, станцый, вузлоў, гарадоў... Усё адкрытае ўсiм вятрам на свеце, асаблiва зiмовым, калi круцяць саразекскiя завеi, завальваючы дамы па вокны гурбамi, а чыгунку гарбякамi сухiх да бубацення сумётаў... Таму i зваўся гэты стэпавы раз'езд Баранлы-Буранны, i надпiс вiсiць дваiсты: баранлы па-казахску, буранны - па-расейску...

Успомнiлася Едыгею, як да таго, калi паявiлiся на перагонах снегаачышчальнiкi - i тыя, што б'юць тугiм струменем, i тыя, што зграбаюць яго, i ўсялякiя iншыя, - давялося iм з Казангапам пазмагацца з заносамi на пуцях, можна сказаць, не на жыццё, а на смерць. А нiбыта зусiм нядаўна гэта было. У пяцьдзесят першым, пяцьдзесят другiм гадах - лютыя зiмы стаялi. Хiба толькi на фронце даводзiлася так, калi жыццё клалася на адну нядоўгую патрэбу - на адну атаку, на адну гранату пад танк... Так i тут здаралася. Няхай нiхто цябе не забiваў. Але затое сам жыцця не шкадаваў. Колькi заносаў перакiдалi ўручную, вывалаклi валакушамi i нават мяшкамi павыносiлi, гэта на сёмым кiламетры, там дарога iдзе нiзам скрозь прарэзаны бугор, i кожны раз здавалася, што гэта апошняя сутычка з завiрушнай кругаверцю i што дзеля гэтага можна не задумваючыся аддаць самое жыццё, абы не чуць, як равуць у стэпе паравозы - iм дарогу давай!

Але снягi тыя расталi, цягнiкi тыя прамчалi, тыя гады прайшлi... Нiкому i справы няма цяпер да гэтага. Было - не было. Цяперашнiя пуцейцы прыбываюць сюды наездамi, шумлiвыя, бесклапотныя - кантрольна-рамонтныя брыгады, дык яны не тое што не вераць, не разумеюць, уцямiць не могуць, як гэта магло быць: саразекскiя заносы, а на перагоне некалькi чалавек з лапатамi.



10 из 272