
* Тамам - канец.
На Баранлы-Буранным толькi двое ўкаранiлiся на ўсё жыццё - Казангап i ён, Буранны Едыгей. А колькi перабыло тут iншых, калi на тое! Пра сябе што меркаваць, жыў не здаваўся, а Казангап адпрацаваў тут сорак чатыры гады не таму, што дурнейшы за iншых быў. На дзесятак другiх не прамяняў бы Едыгей аднаго Казангапа... Няма цяпер яго.
Цягнiкi размiнулiся, адзiн пайшоў на ўсход, другi на захад. I адразу ўсё шырэйшым стала - зоры ў цёмным небе засвяцiлiся зырчэй, выразней, i вецер парстчэй загуляў па адхонах, па шпалах, па гравiйным насцiле памiж рэйкамi, што во нешта слаба пазвоньваюць, шчоўкаюць нешта.
Едыгей не iшоў у будку. Задумаўся, прыхiнуўся да слупа. Далёка наперадзе, за чыгункай, ледзь вiдны былi невыразныя сiлуэты вярблюдаў на пашы. Яны стаялi пад месяцам, застыўшы ў нерухомасцi, чакаючы ранку. I памiж iмi ўгледзеў Едыгей свайго двухгорбага, з буйной галавой нара - самага моцнага, бадай, у саразеках i быстраходнага, па мянушцы, як i гаспадар, Бураннага Каранара. Едыгей ганарыўся iм, рэдкай моцы працаўнiком, хоць i не лёгка спраўляцца з iм, таму што Каранар застаўся атанам - у маладосцi Едыгей не звалхаў яго, а потым ужо не стаў чапаць.
Разам з iншымi клопатамi на заўтра прыгадаў Едыгей, што трэба з ранiцы як раней прыгнаць Каранара дамоў, паставiць пад седлавiшча. Прыдасца для паездак на пахаваннi. I яму лез у галаву розны клопат...
А на раз'ездзе людзi пакуль яшчэ спакойна спалi. Лiчачы невялiкiя станцыйныя службы, дамкi пад аднолькавымi двухскатнымi шыфернымi стрэшкамi, iх было шэсць зборна-шчытавых пабудоў, пастаўленых чыгуначным ведамствам, ды яшчэ дом Едыгея, пабудаваны iм самiм, i мазанка нябожчыка Казангапа, ды розныя надворныя глiнабiткi, прыбудоўкi, загародкi для жывёлы i iншых патрэб, у цэнтры ветравая i яна ж электранасосная i пры выпадках ручная вадакачка, што паявiлася тут у апошнiя гады, - вось i ўвесь пасёлачак Баранлы-Буранны.
