- Едыке, дарагi, толькi ты, гэта самае, галаву мне не дуры. Калi памёр, дык што ж цяпер... У мяне людзей няма. Навошта табе сядзець побач? Нябожчык, гэта самае, ад гэтага не ўстане, я так думаю...

- А я думаю, разумення ў цябе нiякага няма! - абурыўся Едыгей. - Як гэта галаву не дуры? Ты тут другi год, а мы з iм трыццаць год прарабiлi разам. Ты падумай. Сярод нас чалавек памёр, нельга, не дазволена пакiдаць нябожчыка аднаго ў пустым доме.

- А адкуль яму ведаць, гэта самае, адзiн ён цi не адзiн?

- Затое мы ведаем!

- Ну добра, не крычы, гэта самае, не крычы, стары!

- Я табе тлумачу.

- Ну што ты хочаш? У мяне людзей няма. Што там будзеш рабiць, усё роўна ноч.

- Буду малiцца. Нябожчыка буду рыхтаваць. Малiтвы буду ўзносiць.

- Малiцца? Ты, Буранны Едыгей?

- Я, а хто ж? Я ведаю малiтвы.

- Ну, скажаш, - шэсцьдзесят год, гэта самае, Савецкай улады.

- Ды пры чым тут Савецкая ўлада! Па нябожчыках моляцца спакон веку. Чалавек бо памёр, а не скацiна!

- Ну добра, малiся, гэта самае, толькi не крычы. Пашлю па Доўгага Эдыльбая, калi згодзiцца, то прыйдзе, гэта самае, заменiць цябе... А цяпер давай, сто семнаццаты падыходзiць, рыхтуй на другую запасную...

I на тым Шаймердзен адключыўся, шчоўкнуў выключацель перагаворнiка. Едыгей паспяшаўся да стрэлкi i, займаючыся сваёй справай, думаў, цi згодзiцца, цi прыйдзе Эдыльбай. I абнадзеiўся, сумленне ж ёсць усё-ткi ў людзей, калi ўбачыў, як зiхотна заззялi вокны ў каторых дамах. Сабакi забрахалi. Значыцца, жонка трывожыць, будзiць людзей.

Тым часам сто семнаццаты стаў на запасную лiнiю. З другога канца падышоў нафтапалiўны састаў - адны цыстэрны. Яны размiнулiся, адзiн - на ўсход, другi - на захад...



12 из 272