
Была ўжо другая гадзiна ночы. Зоры ў небе разгаралiся, кожная свяцiла сама па сабе, i месяц над саразекамi стаў ярчэйшы, увачавiдкi налiваўся ўсё большай i большай нетутэйшай сiлай. А пад зорным небам далёка, бязмежна расхiнулiся саразекi, толькi абрысы вярблюдаў - i сярод iх двухгорбы волат Баранлы-Каранар - ды невыразныя плямы блiзкiх узгоркаў былi вiдны, а ўсё астатняе паабапал чыгункi акрывалася смугой, прападала ў бясконцасцi. Ды вецер не спаў, усё пасвiстваў, шаргацеў наўкол.
Едыгей то заходзiў у будку, то выходзiў, чакаў, цi не паявiцца на пуцях Доўгi Эдыльбай. I тут ён убачыў збоч ад сябе iстоту нейкую. То была лiсiца. Вочы яе адсвечвалi зеленавата i мiргатлiва. Яна панура стаяла пад тэлеграфным слупам, не наважваючыся нi наблiжацца, нi ўцякаць.
- Ты чаго тут! - прамармытаў Едыгей, жартаўлiва пагразiўшы пальцам. Лiса не спалохалася. - То глядзi! Я табе! - I прытопнуў нагой.
Лiсiца адскочыла як далей i села, павярнуўшыся да яго. Уважлiва i тужлiва глядзела яна, як падалося яму, не адводзячы воч, цi то на яго, цi то на што iншае ля яго. Што яе прывабiла, чаму яна паявiлася тут? Дзiўным падалiся Едыгею яе паводзiны. А можа, шпурнуць камянюкай, калi так, калi здабыча сама на цябе iдзе? Едыгей пашукаў на зямлi каменя як паболей. Прымерыўся i, замахнуўшыся, апусцiў руку. Камень упаў пад ногi. Нават успацеў Едыгей. Трэба ж, чаго не прыйдзе чалавеку ў галаву. Глупства нейкае. Наважыўшы забiць лiсу, успомнiў раптам, як нехта расказваў, цi то з тых прыезджых, цi то фатограф, з якiм размаўляў пра бога, цi то яшчэ хто, ды не ж, Сабiт расказваў, каб на яго, вечна ў яго розныя дзiвосы, толькi б яго слухалi, разявiўшы рот, Сабiтжан, сын Казангапа, расказваў пра пасмяротнае перасяленне душ.
Вось жа вывучылi на сваю галаву балбатуна нiкчэмнага. Паглядзець - быццам нiчога хлапец. Усё ён ведае, пра ўсё ён чуў, але толку мала ад усяго гэтага. Вучылi, вучылi па iнтэрнатах, па iнстытутах, а чалавечак выйшаў так сабе. Пахвалiцца любiць, выпiць, тосты казаць мастак, а справы няма. Пустабрэх, адным словам, таму i нiшто супроць Казангапа, хоць i дыпломам хвалiцца. Не, не ўдаўся, не ў бацьку сын. Але бог з iм, што рабiць, калi такi ўжо ёсць.
