Яна прыбягала сюды не так i часта, толькi ў выключна галодных выпадках...

У перапынках памiж цягнiкамi ў стэпе наставала раптоўная цiшыня, як пасля абвалу, i ў той выключнай цiшынi лiсiца вылучыла ў наваколлi насцярожлiва-няпэўны, аддалены вышынёй гук, што лунаў над сутонлiвым стэпам, ледзь чутна, не прыналежна нiкому. То было трымценне паветраных струменяў, то быў знак на скорую перамену надвор'я. Яна падсвядома адчувала гэта i горасна сцiналася, застываючы ў нерухомасцi, ёй хацелася завыць уголас, зацяўкаць ад няпэўнага прадчування нейкай агульнай бяды.

Але голад заглушаў нават гэты трывожлiвы напамiнак прыроды.

Залiзваючы час ад часу натруджаныя мазалi лап, лiса адно цiхутка скуголiла.

Тымi днямi вечаровай парой ужо халаднела, бралася на восень. Начамi ж глеба хутка настывала, i на свiтаннi стэп крыўся шараватым, як саланчак, налётам недаўгавечнага iнею.

Скупая, невясёлая пара наставала для стэпавага звера. Нячастая дзiчына, што была тут летам, знiкала - хто ў цёплыя краi, хто ў норы, хто зашываўся на зiму ў пясок. Цяпер кожная лiсiца дбала аб сабе, шнырачы па стэпе на адзiноце, быццам нiкога не засталося ад родзiчаў. Маладняк таго году падрос ужо i разбегся кожны хто куды, а шлюбная пара была яшчэ наперадзе, калi лiсы пачнуць збягацца зiмой адусюль для новых стрэч, калi самцы будуць сыходзiцца ў бойцы з такой прагай, якой надзелена жыццё ад пачатку свету...

З надыходам начы лiсiца выйшла з яру. Чакала, услухоўваючыся, а потым патрухала да чыгуначнага насыпу, нячутна перабягаючы то на адзiн, то на другi бок палатна. Тут ёй трапiлiся аб'едкi, выкiнутыя пасажырамi з акон вагонаў. Доўга ёй давялося бегчы ўздоўж адхонаў, абнюхваючы дол, пакуль не патрапiла на нешта больш-менш вартае. Усё наўсцяж палатна было забруджана абрыўкамi паперы i скамечаных газет, бiтымi бутэлькамi, недакуркамi, пагнутымi бляшанкамi i iншым непатрэбным смеццем. Асаблiва брыдка пахла з гарлавiн ацалелых бутэлек тхнула дурманам. Пасля таго як колькi разоў закружылася ў галаве, лiсiца ўжо асцерагалася ўдыхаць тое цяжкое паветра. Фыркала, адскоквала адразу ўбок.



2 из 272