
А таго, што ёй трэба было, дзеля чаго яна так доўга рыхтавалася, перасiльваючы ўласны страх, як на тое, не траплялася.
I ў надзеi, што яшчэ ўдасца чым-небудзь падсiлкаваць сябе, лiсiца нястомна бегла па чыгунцы, гайсаючы з аднаго яе боку на другi.
Але раптам яна запынiла бег, прыўзняўшы пярэднiя лапы, нiбы аглушаная чым. Нявiдная ў хiсткiм святле высокага iмглiстага месяца, яна стаяла памiж рэйкамi як прывiд, не выдаючы сябе нiчым.
Насцярожлiва далёкi гул усё яшчэ няўхiльна наблiжаўся. Пакуль ён быў надта далёка. Усё гэтак жа прутка трымаючы хвост, лiса нерашуча перастаўляла ногi, мяркуючы, пэўна, падацца адсюль. Але раптам яна заспяшалася, пачала шпарыць наўзбоч, вiдаць, спадзеючыся патрапiць на нешта такое, чым можна было б паласавацца. Чула - вось-вось будзе знаходка, хоць аднекуль насоўваўся грозным наступам жалезны лязгат i перастук соцень колаў. Лiса замарудзiла ўсяго на нейкую долю хвiлiны, i гэтага было дастаткова, каб замiтусiцца, закуляцца, нiбы мятлушцы, бо раптоўна з павароту сцебанулi блiжнiя i дальнiя агнi лакаматываў, i магутныя пражэктары, высвятляючы наперадзе i асляпляючы ўсё наўкол, iмгненна расхiнулi стэп, бязлiтасна паказваючы яго мёртвую пустэчу. А цягнiк напорна iмкнуў па рэйках. У паветры запахла пякучым дымам i пылам, шугануў вецер...
Лiсiца апантана кiнулася прэч, час ад часу азiраючыся, прыпадаючы ў сполаху да зямлi. А пачвара са сляпучымi агнямi доўга лескатала i неслася, доўга яшчэ стукала коламi. Лiсiца ўскочыла i зноў кiнулася апантана бегчы...
Потым яна аддыхалася, i яе зноў пацягнула туды, да чыгункi, дзе можна было наталiць голад. Але наперадзе зноў мiльганулiся агнi, зноў лакаматывы цягнулi доўгi гружаны састаў.
Тады лiсiца пабегла ў абход па стэпе, рашыўшы, што выйдзе да чыгункi ў такiм месцы, дзе не ходзяць цягнiкi...
Цягнiкi тут iшлi з усходу на захад i з захаду на ўсход...
