У той дзень зранку хадзiў ён па раллi, i поўныя лапцi набiлася яму пяску. I цэлы дзень не меў ён часу высыпаць пясок з лапцей. Вечарам спяшаў зашыць хамут, каб скарэй зрабiць гэта. Каравымi пальцамi перабiраў ён дратву i маўчаў, сагнуўшыся ў кутку.

Начлежнiк падышоў к Паўлу.

- Цёмна шыць, - сказаў ён.

- Газы няма, - адказаў панура Павал.

Памаўчаўшы, дадаў:

- У вас там у горадзе газы, пэўна, хоць залiся.

- У нас там электрычнасць, - адказаў начлежнiк i падсеў к Паўлу, як бы ўзрадаваўшыся гаворцы.

- Ну, вось бачыш, - павярнуўся Павал тварам к начлежнiку, - людзям добра, дык яшчэ шукаюць лiха ведае чаго. Цёмная вёска iм патрэбна.

- Загэтым i ездзiм, што цёмная. Каб была светлая - мала б мы сюды ездзiлi.

I саўсiм раззлаваўся Павал за гэтыя словы - ён зразумеў усё, што хацеў сказаць гэтым яго начлежнiк.

- Што гаварыць дарэмна, - загаварыў Павал, - паслухаеш вашага брата, дык адно i чуеш, што для некага гэта яны ўсё ездзяць, для другiх гэта ўсё робяць...

Начлежнiк перабiў Паўла:

- Глядзiш ты на мяне так, як бы нас з табою раздзяляе каменная сцяна, а нiякай сцяны мiж намi няма. Саўсiм не чужы я табе. Я сам такi самы селянiн, як i ты: усяго год, i таго не будзе, як плуг пакiнуў. I цяпер там, у вёсцы, бацька стары з братам засталiся.

- Чаму ж ты iх к сабе туды, у горад, не возьмеш ды пакiнуў iх там адных гараваць?

- Што iх браць?! Каб я мог усiх узяць, усю вёску; i не вёску, а ўсе да аднае вёскi ўзяць, усiм зрабiць у адзiн дзень добра, тады можна было б браць. А то што так браць - аднаму будзе добра, а мiльёнам - так сама. Мы iначай "бяром" - у нас другая дарога вызначана. I робiм мы ўсё патроху, непрыкметна зразу. Загэтым мала хто бачыць гэта. Вось ты i гаварыць са мною не хочаш. На сход сягоння нi адзiн не прыйшоў. А мы не апускаем рук, бо iначай нiчога не будзе, зразу нельга зрабiць...

Тады Павал апусцiў хамут з кален на зямлю i слухаў.



2 из 7