
- ...Ты думаеш, я не ведаю, чаму ты са мной гаварыць не хочаш, чаму нiхто сягоння не прыйшоў на сход слухаць нас? Я сам - гэта ты, i ўсё я ведаю. Рос я так, як i ты, як i ўсякi той, хто потым робiцца мужыком. З шасцёх год не можа ён ужо расцi на волi, а бярэцца за работу. Гаварыць яшчэ не навучыцца, а ўжо з пугаю па полi бегае. Уварвецца ў засеў скацiна, а сусед зловiць яго ды натрасе за вушы. Дзiця - ногi ў яго папрабiваты ржышчам, раны залеплены зямлёю, i ён з плачам пабяжыць, кульгаючы, па полi. А ранiцаю ён як нежывы спiць, набегаўшыся за дзень. Сонца яшчэ не ўзышло, а ты яго цягнеш з пасцелi. Усхвацiцца ён сонны, вочы заплюшчаны, i зноў кiнецца, а ты зноў валачэш, сцягаеш яго з пасцелi. Здаецца, стаў бы тады перад iм на каленi: на, забi мяне, гада, за ўсё гэтае. А што ты вiнават? Таксама, як i ён. Вiнавата жыццё, i змянiць яго трэба. Вось чаму пакiнуў я свой плуг, адчуўшы, што больш так магу зрабiць, не для сябе, а для ўсiх.
- Ды ты на мяне не злуй, - сказаў Павал, - што я ведаю?!.
У тую ноч да трэцiх пеўняў гаварыў Павал з начлежнiкам, а з другога дня пачаў разбiраць паволi пакiнутыя начлежнiкам кнiжкi.
Пайшлi па вёсцы гаворкi, гбдзiнай зашыпела нянавiсць тых, хто лiчыў раней Паўла "спакойным чалавекам", i Павал яшчэ больш стаў маўклiвым, яшчэ больш стаў думаць.
Увосень пачаў ён спешна дамалочваць снапы.
I недзе ў глыбiнi, на гранiцы пачуццяў i думак, з'яўлялася яго: "Пустыя палi, паросшыя дзiкiм быльнiкам на шырокiх межах, пахавалi ў сваiм абшары глухiя вёскi, закiдалi яны iх саломай шчуплых снапоў i за гэты скупы дар загулялi над iмi: у доўгiя цёмныя ночы пераклiкалiся палi над вёскамi галодным воўчым выццём, накладалi на людзей баязлiвую пакорнасць, награджалi iх цяжкаю працаю, адбiралi для яе ўвесь час, губiлi ў сабе ўсю свядомасць, занесеную сюды часам з буйных гарадоў. I яшчэ адбiралi ў сваiх цiхiх людзей здароўе, так, як i вочы ад цёмнага свету сваiх курных газнiчак..."
Усё так жа дробна i гулка стукалi цапы па гумнах, i здавалася, што з кожным сваiм ударам яны ўсё глыбей уваходзяць у жыццё вёскi, як бы задумаўшы заглушыць сабою ўсе яе iншыя зыкi, - так многа дзён яны зычэлi.
