Па цёмных хлявах корпалiся ў кастрыцы людзi, маўчалi, здавалiся поўнымi думак, але думак не мелi. Аб чым могуць думаць яны?

Толькi нейкая баязлiвасць вызначалася ў iх. Так непрытульна ў полi, так дзiка-шумна i холадна. I здаецца, што вось прыйдзе нехта суровы, насмешлiва тупне нагою i зробiць нейкае зло. Вось чаму людзi так акуратна, саломка за саломкаю, дубец за дубцом, складвалi i збiралi сваю мураўiную маёмасць: "Калi ўсё будзе ў парадку, не такая вiна мая будзе вялiкая". А ў чым i якая вiна? А былi калi разумныя думкi аб гэтым?!.

За ваколiцай на пыльнай дарозе буян-вецер скручваўся ў жмут, дакачваўся стралой да крайняй хаты, узбягаў па сцяне i кiдаўся на яе старую вiхрастую голаў. Яна баранiлася саламяным крыкам, i такi ж крык узнiмалi суседнiя стрэхi. Гэта быльнiкава поле "гуляла" над вёскай. I ў той дзень вецер не сцiх, але зрабiлася так, што раптам стаў непрыметным; стала раптам так, што свiсту яго нiхто не пачуў.

Нешта шырокае рванулася за ваколiцай, шэра-жоўтым лiўнем зыкаў секанула; заглушыла вецер, павыкiдала людзей з цёмных хлявоў, парушыла iх "баязлiвы парадак".

Сотнi вачэй бачылi:

Па пыльнай дарозе к вёсцы iшоў запылены чалавек, узняўшы руку ўгору, за iм - шэрая сцяна з меднымi сонцамi труб, за трубамi несканчоны лес вастраверхiх шапак.

З труб вылiвалася туга-звонкае, срэбнае. I, як запылены чалавек махнуў унiз рукою, рванулася яно вiхурай, затапiла ўвесь свет, заскакала па саламяных стрэхах, i зусiм не чуваць стала ветру. З вулiцы пераскочыла яно праз саламяныя стрэхi, пераляцела цераз поле i там загаварыла. I вось, пераскокваючы цераз быльнiкавыя межы, прыбеглi людзi за некалькi вёрст...

У вулiцы знялi музыканты свае трубы з плеч, разнеслi па хатах, i асеннi вечар грануў чырвонаармейскiмi песнямi.



5 из 7