
- Павал нешта задумаў, - iшла па вёсцы гутарка, а ў Паўла пад стук цэпа спела адна думка.
I загэтым, як пасля змроку аблягала вёску воўчае выццё i зацiхаў стук цапоў, у Паўлавай хаце вакол газоўкi па цэлых ночах сядзела некалькi чалавек...
Вакол дрымотнаю рэчкаю плыло жыццё трухлявых хат. Замаразкамi курылiся кусты сiненькiм дымком, i вецер прыносiў адтуль к хатам самагонны дух, i тады ж мацней яшчэ пачалi выць зусiм блiзка начамi ваўкi.
У святыя днi выходзiлi людзi на вулiцу. Несканчоныя i вялыя вялiся цэлымi днямi гаворкi, i так не гарманiзаваў з iмi ўвесь выгляд залатой восенi.
Так i праходзiў цiхенька дзень.
А то часам пiлiкне дзе-небудзь за вуглом скрыпка, i ўся вулiца рынецца туды. Пад няхiтрую музыку адной скрыпкi i часам двух барабанаў вiхрам выконваецца танец - той танец, якi адбываўся ў вясёлыя хвiлiны стагоддзi таму назад, а ў больш прымiтыўным выглядзе - назад цэлыя тысячагоддзi.
I хоць стаяць тут людзi, сцяною налёгшы адзiн на другога, але ў кожнага ў галаве блытаецца думка аб пакiнутай працы.
Прымiтыўнае вяселле цiхiх людзей не пералятае сваiмi зыкамi далей саламяных стрэх. Тут жа i гiнуць пiсклiвыя зыкi скрыпкi за родным вуглом.
А пустое поле вакол i знаць не хоча людскога вяселля, - яго зыкi гiнуць у iм. Абросшае дзiкiм быльнiкам, яно цiха дрэмле ўсiм сваiм бязмерным абшарам. Вясковыя шумы яно перамагае сваiм начным выццём ваўкоў, яго ж цiшыню, нават зыкамi свайго вяселля, перамагчы людзi не могуць.
II
У адзiн дзень засыпаў сiвер мёрзлым пылам трухлявыя хаты, апусцеўшае поле захмурнела высахшым быльнiкам на разросшыхся межах, сiвыя платы мерзлi i тулiлiся да бярвенняў старых будынкаў.
