Вось што было ў Андрэя Стронiна.

Падазваў ён раз да сябе к акну Алёшу, як той iшоў са станцыi. Глядзеў Стронiн на Алёшу звысоку, як стары студэнт, i зразу запытаў, сур'ёзна i панура:

- Чаго вы так рады заўсёды?

- А чаго я рад? - таксама запытаў у непаразуменнi Алёша.

- А мне здаецца, што вы заўсёды як бы ў нейкай вясёласцi.

- Здаецца, не. Я заўсёды так, як звычайна для мяне.

- Не... Вы нiколi не думалi аб гэтым... Што вы бачыце перад сабою светлае?.. Што вы будзеце рабiць, скончыўшы ўнiверсiтэт?

- Як што? Жыць, працаваць.

- А ў чым жа, па-вашаму, жыццё?

Алёша маўчаў.

I тады абодвум стала нялоўка. Алёша пастаяў i моўчкi пайшоў у сваю кватэру. I было ў яго пачуццё таго, што ўсё ў жыццi добра: вось скончыць некалi ён унiверсiтэт, тады, як асаблiва ясна за апошнiя днi зразумеў ён, пашлюць яго з запасам ведаў на працу, i ён будзе рабiць вялiкую справу, патрэбную для ўсiх.

I тут жа набеглi думкi аб тым, што дома, там, дзе бацька быў заплакаў, калi ён ад'язджаў у гэты горад, - там людзi як бы не прабавалi той радасцi, якая вакол iх захована, ды не ўзнята яшчэ для жыцця ўся; што не бачылi там людзi яшчэ той шырынi, якая ў жыццi i якую ўжо адчуў ён, Алёша, на студэнцкiх сходах i лекцыях...

"Вось там я прылажу сваю працу", - радасна падумаў Алёша i, вясёлы, скрыпнуў дзвярыма.

А Андрэй Стронiн думаў:

"Што ў жыццi радаснага? Вось скончу я ўнiверсiтэт; буду служыць. Але што з гэтага? Буду днём займацца справамi, ноччу спаць, але што з гэтага? Яно ўсё будзе iсцi, заплятаючыся за службу, за нейкiя абавязкi перад гэтым самым жыццём, але ў чым яго радасць? Што мне з таго, што я вось цяпер стаю тут пры акне? Дзе тая глыбiня, якая напоўнiла б мяне сабою, страсянула б усю маю iстоту нечым тым настаяшчым, штоб я ўрос для хваляванняў жыцця?"



6 из 9