I тады прыпомнiлася Андрэю Стронiну, як адзiн раз, у перарыў мiж лекцыямi, адзiн яго блiзкi сябар запытаў:

- Цi бачыш ты перад сабою калi што-небудзь для сябе светлае ў жыццi?

У Стронiна была ў руках тоўстая кнiга. Ён прыставiў яе к вачам i сказаў:

- Вось як бачу свет скрозь гэтую кнiгу.

* * *

Радасць у Алёшы была шырокаю, яна была як бы адчуванне самога факта iснавання. Тут як бы выяўлялiся ў Алёшы нейкiя пласты вялiкай жыццяздольнасцi, нязжытыя, нячэпаныя. Яны парадзiлi ў iм крынiцу сiлы.

Яно, усё гэта, ахвацiла ўсю iстоту яго маладою лёгкасцю, выявiлася як захапленне жыццём, самымi яго звычайнымi, дробнымi, кожнадзённымi здарэннямi.

I вельмi часта, у часы студэнцкiх сходаў, было ў Алёшы прагнае жаданне крыкнуць на ўсю залу, мора маладых студэнцкiх галоў аб тым, што так захапiла яго. А на лекцыях адчуваў ён сябе проста шчаслiвым тым, што кожны новы дзень прыносiць яму новую шырыню ў светапоглядзе.

Было ў яго непаразуменне, калi часта бачыў ён на гэтых самых сходах i лекцыях Андрэя Стронiна з сумным бляскам вачэй, панурым. Здавалася, што Андрэй Стронiн сярод мора молада радасных людзей адзiн, як сярод страшнай пустынi.

Тады ўжо сам, некалькi разоў, хацеў Алёша пайсцi к Стронiну i распытаць яго аб усiм, даведацца, аб чым думае гэты чалавек.

I не ведаў яшчэ Алёша, што нiколi не зразумее ён гэтага чалавека, Стронiн жыў адзiн, Алёша жыў з людзьмi...

IV

Прывезлi раз ва ўнiверсiтэцкi анатамiчны тэатр мерцвяка для практыкi студэнтаў. Iшлi тады з працы рабочыя, суседзi Алёшы i Стронiна, мiма ўнiверсiтэта i зайшлi на двор глянуць...

Мярцвяк быў страшна худы, высахшы за нейкую доўгую хваробу. На мяккiх месцах цела абвiсла скура на iм фалдамi i змаршчакамi; яны, жоўта-гразныя, выяўлялi сабою вялiкую агiднасць чалавека пасля яго смерцi, у працэсе распаду матэрыi. Вострыя рэбры тырчалi пад скурай, а твар ужо мала што выяўляў - мусiць, доўга i паволi ўмiраў гэты чалавек. Калi што было на твары гэтага быўшага чалавека, дык гэта слабы адбiтак нейкага як бы непаразумення перад тым, што з iм рабiлася. Але вiдаць - гэта ўнутранае, несвядомае, бяспамятнае.



7 из 9