
Зьяжджаць са сталiцы на край сьвету не хацелася. Тры днi Макар абмываў "корачкi", на пытаньнi сяброў - куды яго пасылаюць - адказваў кароткiм мацюгом, а на чацьверты дзень, завiтаўшы ад ранку ў павiльён "Ясень", паведамiў сабутэльнiку - Лёньку Холаду - пра сваё разьмеркаваньне.
Лёнька, вiцебскi малец, якi таксама вучыўся ў партшколе, адразу ж пасуравеў з твару, выпiў нагбом кухаль пiва i, паклаўшы на Макаравы плячук сваю пудовую руку, выдаў фразу, ад якой Макару стала моташна й гарачыя голкi кальнулi пахвiну: - Гiблае месца.
Сябрук спаражнiў без перадыху яшчэ адзiн кухаль i распавёў вусьцiшную гiсторыю пра рэдактара азярышчанскай газэты Несьцяронка.
Несьцяронак гэты, па словах сябра, пiў горкую да поўнага ачмурэньня: спаў пасярод вулiцы, з моста куляўся, а аднаго разу, схапiўшы калун, бегаў вакол хаты, намагаючыся забiць сваю жонку, з якой быў у разводзе. Паколькi журналiсты наогул народ пiтушчы, а рэдактар да таго ж меў заслугi перад радзiмаю - у вайну завiхаўся ў СМЕРШу, дык раённае начальства глядзела на ўсе гэтыя выбрыкi скрозь пальцы. I вось, калi да пэнсii Несьцяронку заставалася нейкiх паўгода, у Азярышчанскi райкам прыслалi Галiну Спартакаўну Пiдуту.
Згадаўшы пра Пiдуту, сябра пасуравеў яшчэ болей, здушыў у бляшанцы папяросу, хрыплым голасам запытаў:
- Ня чуў пра такую?
Макар страсянуў галавой, а Лёнька, пасьля паўзы, прамовiў:
- Яе ў нас усе ведаюць. Страшная баба. Прышыбееў у спаднiцы.
Сябра дапiў пiва, выцер рукавом пузырыстую пену з вуснаў.
- Як толькi ў якiм раёне хлопцы запiваюць, абкам туды Пiдуту шле, трэцiм сакратаром. Яна там i лютуе. У Азярышчы адразу ж два павiльёны зачынiла - на базары i ля аўтастанцыi. Дырэктару прамкамбiната за п'янку страгача ўляпiла, а потым за Несьцяронка ўзялася. Па пяць разоў на днi ў рэдакцыю заходзiла, з вобласьцi брыгаду сацыёлягаў выклiкала - дасьледаваць работу рэдактара. Карацей, увесь плех небараку пераела. Аднойчы прыйшла ў рэдакцыю - Несьцяронак якраз на гарышчы быў, у яго там у бутлях яблычнае вiно дасьпявала, - падышла да лазу i гукае: "Таварыш рэдактар, што вы там робiце?" Ну, а Несьцяронак ужо глынуў з бутлi, душа рвалася на волю, ён i вырашыў...
