пажартаваць. Раней у рэдакцыйным будынку бязногi iвалiд жыў, пасьля яго на гарышчы два старых пратэзы засталiся. Ну i пажартаваў: зьняў штаны, упiхнуў у калашыньне пратэзы, загарлаў нема: "Бывай, Радзiма!" - i апусьцiў штаны ў лаз. Нiбыта ён засiлiўся. Пiдута, як толькi штаны пабачыла, адразу самлела: iнсульт, заварот кiшак i штосьцi там па жаночай лiнii. Несьцяронак глянуў долу i, як быў у трусах, так i скацiўся па драбiнах. Пачаў штучнае дыханьне рабiць - рот у рот. Тут прыбiральшчыца прыбегла - загаласiла на ўсё Азярышча. Падумала, што рэдактар трэцяга сакратара гвалтуе. Карацей, схапiў Несьцяронак Галiну Спартакаўну за голыя лыткi, гукнуў свайго намесьнiка, i ўдвох паперлi самлелую бабу ў больнiцу.

Ну, ведама, людзi сабралiся - нават прадаўшчыцы з суседняй крамы прыбеглi. Убачылi Несьцяронка ў трусах i вырашылi, што трэцi сакратар пад iм самлела.

На наступны дзень розных камсiсiй панаяжджала, крымiнальную справу завялi, але неўзабаве ўсё ацiхла. Пiдута ў больнiцы паўгода качалася, потым у санаторыi адпачывала, але так дарэшты i не ачуняла. Цяпер у Азярышчы таварыствам аховы помнiкаў кiруе.

- А Несьцяронак? - дрогкiм голасам запытаў Макар.

- На поўнач зьехаў, да роднага брата. Брат ягоны ў Надыме працуе.

Хвiлiну сябры палiлi, засяроджана паглядаючы на пустыя кухлi, пасьля чаго Лёнька Холад iкнуў i бадзёра паведамiў:

- Не сумуй, у мяне ў тых мясьцiнах стрыечны брат жыве - ён мне пра ўсё гэта i распавёў. Мiшкам завуць. Прозьвiшча Мандрык. Калi што - дапаможа.

Уражаны аповедам, Макар запiсаў рэквiзыты Лёнькавага брата ў нататнiк i ўспомнiў пра iх толькi празь месяц, калi прыехаў у Азярышча.

Дзень той запомнiўся да драбностак.

На дварэ быў верасень, i першы жаўталiст, узьвiхураны цягнiком, цiха ападаў долу.



12 из 45