
Здаравiла махнуў рукой, загадваючы субяседнiкам ссоўваць сталы, i шалёны iмпэт ягоны вылiўся ў магутны воклiч:
- Маша! Яшчэ тры бутэлькi!
Мiшка Мандрык гуляў у рэстаране ня проста так, а абмываў пераходны Чырвоны сьцяг, якiм надоечы ганаравалi ягоны калкас за посьпехi ў выкананьнi Харчовай праграмы. Разам зь iм за сталом сядзелi галоўны iнжынэр калгаса - сiвы й дарэшты п'яны чалавек, якi ўжо не даваў рады адрэкамэндавацца, кiраўнiк раённай канторы кiнапракату Даўгалёў - менавiта так, па прозьвiшчы, кiраўнiк i прадставiўся, а таксама старшыня спорткамiтэту Аляксандар Мурленя, далучанасьць якога да спорту выдавала трыкатажная масьцерка з самаробным знакам фiрмы "Адзiдас" на грудзiне.
Мандрык ужо дрэнна валодаў языком, але, тым ня менш, пачаў апавядаць пра сваё дзяцiнства, пра стрыечнага брата Лёньку Холада, зь якiм яны выпiлi аднойчы адразу адзiнаццаць бутэлек гарэлкi, а пачуўшы ад Хамiцкага, што ў газэце цяпер будзе новы рэдактар, распавёў усё тую ж гiсторыю пра Несьцяронка. Як вынiкала з аповеду, штаноў Несьцяронак усё ж такi не губляў, бо iх падтрымлiваў нейкi падшыванец, якi бег сьледам аж да самай больнiцы.
Потым яны скакалi з Мандрыкам хуткi танец, потым ён, пад незадаволеныя позiркi старшынi спорткамiтэту, запрашаў на танец афiцыянтку Машу, а ранiцою, абуджаны галасiстымi азярышчанскiмi пеўнямi, доўга ляжаў на старой рэдакцыйнай канапе, няўцямна пазiраючы на столь i выпусьцiўшы духi, - аж застагналi пад сьпiнай ржавыя спружыны, - падзячыў лёсу, якi дараваў яму сустрэчу з Данутай.
Памяць людзкая ўладкавана даволi дзiўна: зь яе выпетрываюцца падзеi мiнулага дня i ў той жа час захоўваецца тое, што надарылася даўняй парой.
Вось i Макар: выпiў лiтровую конаўку гарбаты, згадваючы - як ён патрапiў дадому, сышоў пры гэтым потам, абпалiў кiпнем вусны, ды так нiчога й не згадаў. Але затое цiхi верасьнёўскi дзень, калi ён прыехаў у Азярышча, запомнiўся ў самых дробных дэталях.
