Запомнiлiся пахi, зыкi, п'яныя песьнi Мiшкi Мандрыка, запомнiлiся, нарэшце, мацiцовае Дануччына сьцягно i падрапаная, сталiнскiх часiн, канапа, якую ўвесну вынесьлi на сьметнiк. Успамiны гэтыя прыходзiлi ня толькi гульлiвымi вечарамi, але й пахмельнымi ранкамi, калi ён брыў у рэдакцыю. Вось i зараз, пераходзячы галоўную азярышчанскую вулiцу, Макар згадаў, як Данута падцягвала панчоху, запаволiў крок i ледзь не патрапiў пад колы райкамаўскай "Волгi".

Заскуголiўшы гамульцамi, машына ўзьехала на бардзюр, люта ўзвыла, i перапуджаны Макар убачыў за вясёлкавай шыбай Калупайку, якi, цi то жартам, цi то ўсур'ёз пагразiў яму пальцам. Зь перапуду, а можа яшчэ зь якой прычыны, тлумная галава ўраз прасьвятлела, i ў ёй нарадзiлiся словы:

- Я ведзьма. Са мною лепш ня зьвязвацца.

Гэта памяць вярнула той ласкавы шэпт, якi прагучаў учора ўвечары, калi яны танцавалi з Данутай у камiннай залi.

Калупайкава легкавушка зноў заскавытала - цяпер ужо на рагу Савецкай i Чырвонаармейскай, павярнула ў бок райкама, i Макар, адрыгнуўшы ўчарашнiм шашлыком, прысьпешыў хаду.

А дзевятай гадзiне ў раённым камiтэце партыi павiнна была пачацца нарада актыву, i таму пляц нерад ленiнскiм помнiкам быў спрэс застаўлены аўтатранспартам. Стаялi тут ня толькi "Волгi" ды старшынёўскiя "козьлiкi", але й бартавыя "газоны", тры "iнвалiдкi" i нават машына для адпампоўваньня вады, вядомая ў народзе пад назваю "гаўнавоз": гэта завiтала на нараду арганiзатар мясцовага радыё Газевiч, зяць якой працаваў iнжынэрам у вiцебскiм "Водаканале". Але дзiвiцца такой колькасьцi машын не даводзiлася, бо на сёньняшняй нарадзе Калупайка мусiў разьвiтацца з актывам i, да таго ж, чакаўся прыезд абласнога начальства.

Хаця гадзiньнiк паказваў палову дзесятай, ды й Калупайка быў на месцы, заходзiць у райкам нiхто не сьпяшаўся. Актыў стаяў ля ганку - гаманiў, смалiў цыгарэты i зрэдзьчасу зь лёгкiм спалохам у вачах пазiраў на дарогу.



18 из 45