
Апошнiя тры днi далiся Макару ў знакi: ён пазбыўся сну, зблажэў з твару, i жыцьцё ягонае ператварылася ў суцэльны кашмар. Апанаваны мазахiсцкiмi вiдзежамi, ён уяўляў, як Данута мiлуецца на марскiм беразе са старымi армянамi, уяўляў, як яе загарэлыя, абцягнутыя белымi панчохамi каленi лашчаць нечыя валасатыя лапы, i ад тых уяўленьняў яму рабiлася млосна, кроплi халоднага поту беглi па драбах, i Макар у адчаi прагнуў лiзнуць перасьмяглым языком высокае неба.
Зрэшты, неба ён так i не лiзнуў, але затое дастаў адрас санаторыя, у якiм адпачывала Данута. Два днi круцiўся ў райкамаўскай прыёмнай, а на трэцi дзень, паклаўшы на край Марынiнага стала разьмяклую чакалядку, пачуў:
- У Мiсхоры яна. Санаторый "Советская Белоруссiя".
Зачынiўшыся ў габiнэце, ён да самага вечара круцiў тэлефонны дыск, спрабуючы злучыцца з Мiсхорам, потым нейкiм дзiўным чынам апынуўся ў "Калiне", напiўся там, як павук, i процi ночы выправiўся на чыгуначную станцыю.
Наступным ранкам, разьдзершы павекi, ён угледзеў у ваконным вакне жаўтлявы будынак з шыльдаю "Дно", утрапёна мiргнуў вачыма i скацiўся з палiцы.
Ранак быў халодным. Вецер шкамутаў кашулю, ганяў па лобе клок зьлiплых валасоў, казытлiва пералiчваў драбы, але Макар не адчуваў холаду. Стоячы на пляцформе, з пакамечаным рублём у кiшэнi, ён паспрабаваў уцямiць: як патрапiў на цягнiк i чаму паехаў на поўнач, калi Мiсхор знаходзiцца на поўднi, i, нiчога ня ўцямiўшы, пайшоў шукаць рэдакцыю мясцовай газэты, каб пазычыць у калегаў грошаў на адваротную дарогу.
Наогул, апошнiмi днямi, пачынаючы ад векапомнай п'янкi на загараднай базе, Макару стала ня толькi адбiваць памяць, але й пачала мроiцца розная лухта. Засынаючы, ён чуў Дануччын сьмех, Данута прыходзiла да яго ў снах; ён, укленчаны, кранаўся гладкага калена i, узьняўшы вочы, з жахам бачыў, што перад iм не Данута, а страхаморлiвая ведзьма. Ранiцою, з пахмельля, ён чуў мармытаньне, якое далятала з вадазьлiўнага бачка, а ўдзень яго часьцяком ахоплiваў жах, i ў такiя хвiлi яму карцела выкiнуцца ў вакно альбо гваздануць бутэлькай па галаве небараку Хамiцкага.
