Вось i цяпер, пачуўшы вантробны голас Тарзана Пятровiча Куксёнка, якога сталi прабiраць сьледам да Мурленем, Макар памкнуўся гваздануць дырэктара прамкамбiната графiнам па галаве, але, адумаўшыся, скрыгатнуў зубамi i - нечакана для сябе самога - рушыў да выхаду. Ля самых дзьвярэй за iм увязалася чмялiна, а яшчэ праз хвiлiну з залi сьцярожкiм крокам выйшаў Мiшка Мандрык.

Што б там нi казалi паэты-песеньнiкi, а каханьне - страшная рэч. Тлумiць, мучае, а парой наогул нiшчыць людзей. I якiх людзей! Можна налiчыць не адзiн дзесятак славутасьцяў, якiя, зазнаўшы няшчаснага каханьня, засiлiлiся, атруцiлiся, альбо, як талстоўская Ганна, кiнулiся пад колы цягнiка. Скажам таксама, што i аўтар гэтага аповеду зьведаў свойчас мiлоснае ачмурэньне, а таму, апiсваючы пакуты свайго героя, працяўся да яго шчыраю спагадай.

Ну сапраўды, цi можна было не паспачуваць герою, апiсваючы, як той даставаў з рэдакцыйнай шафы ружы, якiя тры днi прастаялi ў слоiку з-пад гарчыцы, а ружы аказалiся прывялымi; цi ж можна было не хвалявацца, апiсваючы, як герой iшоў, пасьля доўгай разлукi, на сустрэчу са сваёй каханай, i цi можна было не мацюкнуцца, згадаўшы старую порхаўку, якая сядзела ля пад'езда? I, падумаўшы, аўтар выкiнуў гэтыя сцэны з аповеду, каб не надаваць твору залiшняй шчымлiвасьцi i не засьмечваць яго нецэнзурнымi мацюкамi.

- Прыехала. Гадзiну таму, - паведамiла порхаўка, калi Макар падышоў да пад'езда. Навiна напоўнiла душу яшчэ большым неспакоем. Зрабiўшы выгляд, што нiчога ня чуе i ня бачыць, Макар выцягнуў з газэтнага скрутку прывялыя ружы, увабраў голаў у плечы, нясьмела пераступiў парог.

Гэтым разам ён адразу ж пазванiў, i ў той жа мiг, як званок ацiх, сэрца ягонае спынiлася. Магчыма, калi б гаспадыня кватэры забавiлася i не адразу адчынiла, Макар бы тут, ля дзьвярэй, i памёр, але, на шчасьце, за дзьвярыма рыпнула падлога, кляцнуў замок i на парозе паўстала яна... Данута. Сэрца балюча сьцялася i затахтала з такiм iмпэтам, што ў Макара закружылася галава i кветкi, якiя трымаў за сьпiнаю, высьлiзнулi з самлелых пальцаў.



39 из 45