- Куды вы, панна Агата?

Цяпер яна не глянула на Зыгмуся, азiрнулася толькi, выходзячы за перагародку ў кухню. "Iсцi за яго? I каб дзiцё маё было ад яго? Радненькiя ж мае... А Божачка!"

Чула тлум за сталом i скрозь усё голас Зыгмуся:

- Агата... панна Агата?

"Якi ж у яго голас!"

Сцiснула губы, глядзела бязмоўна ў акно. Хiлiўся сонечны дзень да захаду сонца, перад вокнамi сад адкiдаў доўгiя ценi. За сталом усё гаварылi. I зноў чуўся Зыгмусеў голас:

- Панна Агата!

"Чаго ён хоча ад мяне?"

- Панна Агата, я iду шукаць вас.

Чула, як шмаргануўся па падлозе ножкамi зэдлiк, затупалi Зыгмусевы гамашы.

"Гэта ж ён будзе мець права, а так, калi захоча хадзiць за мной..."

Язык у яго трохi блытаўся:

- Панначка Агата!

I так кружылася ў галаве, а гэта моцна стукнула ў мазгах. Усё заварушылася перад вачыма. Яблынавыя ценi i сонечныя лапiны на зямлi заскакалi i пераблыталiся. Закалацiлася сэрца i заныла душа выбухамi вострага суму. Ужо на гэты бок перагародкi стукалi Зыгмусевы гамашы. Тады яна кiнулася ў сенцы, выбегла на двор. Зачынiла за сабою дзверы. I пабегла на прыгуменне. "Куды ж мне?!" На прыгуменнi Стасюк кiдаў палкамi на вераб'ёў.

- Куды ты, цёця?

Думка ў яе з'явiлася раптам:

- Да Асташонка. Iдзi скажы ў хаце, што я да Асташонка пайшла.

- I я з табою пайду, цёця.

- Бяжы ў хату, скажы ўсiм, што я пабегла да Асташонка. Скоранька бяжы.

Агародамi пайшла спакайней. Калацiлася трывожна сэрца, кружылася ў галаве, сплывала патроху ценжар, што гняла душу. Не думаючы, два разы азiрнулася на свой сад. Верхавiнне груш было ясным i зялёным. Заходзiла сонца.

VII

Раставала ноч, як Асташонак прывёў Агату дадому. Яны яшчэ пасядзелi на вулiцы, перакiдаючыся рэдкiмi словамi. Фэлька не спаў - з вулiцы праз акно без фiранкi вiдаць было, як тупаў па хаце, з расшпiленым каўняром белай сарочкi, у камiзэльцы.



17 из 19