I як падпiў, з радасным захапленнем загаворваў з Фэлькам, ужо, можна сказаць, зяцем сваiм, аб чорным Зыгмусёвым жарабцы. Зыгмусь, не спяшаючы, еў вяндлiну i ўважлiва прыслухоўваўся, што гавораць пра яго гаспадарку. Агата глядзела, як Фэлька глядзеў Алiмпе ў вочы, як ружовiў хмель Алiмпiн твар. Бачыла, як абое яны, падвыпiўшыя, аж млелi адно па адным i не маглi схаваць гэтага. Адварочвала Агата твар на Зыгмуся, а ён слухаў усё, што стары гаворыць пра яго жарабца i зрэдку ўстаўляў слова:

- Але, але, золата, а не конь.

Пасля, як яшчэ выпiлi, старыя i жанатыя распачалi агульную гаворку, Фэлька з Алiмпаю пачалi ўпаўголаса аб нечым гаварыць, а Зыгмусь старацца пачаў выказваць усiм свой погляд наконт коней i садавiны. Агата скоса зiрнула яму ў вочы i заўважыла пабабленую скуру ў яго каля вушэй, доўгiя шчокi i нiзкi лоб пад начэсанымi на яго змочанымi валасамi. Ён глянуў на яе, кiўнуў ёй галавою i зноў узяўся за сваё.

- Зыгмусь, - шапнула Агата.

- Што?

- Зыгмусь.

Ён усмiхнуўся, схiлiўшы ў яе бок галаву. Тады яна ўбачыла тупую санлiвасць яго вачэй i набеглыя ад усмешкi зморшчачкi каля iх. Вусы цяпер не былi падкручаны i, макраватыя, звiсалi кончыкамi валасоў на самыя зубы.

- Божа ж мой, - са смуткам уздыхнула Агата. - Зыгмусь, Зыгмуська...

Падсунулася блiжэй i раптам зноў адсунулася: той ужо зноў гаварыў павольна i стала аб тым, як жарабец яго парваў быў раз пута i паўгоняў аўса стравiў.

- Зыгмусь...

- I аўса шкада, i пакуль я злавiў яго...

- Зыгмусь...

- Не так шкоды, як невыгоды... Што?

Агата глядзела на яго абвiслыя вусы i губы. Ён падсунуўся блiжэй, бязвольна неяк усмiхнуўся, жуючы, можа нават пустым ротам. "Нашто ён пiў, ведаючы, што робiцца гэтакiм, як вып'е?!"

- Зыгмусь!

А Фэлька i Алiмпа гутарылi ўсё пацiху, прыгожыя, радасныя.

- Божачка ж мой...

I раптам устала з свайго месца Агата.



16 из 19