
- Цёця Агата, я адзiн гурок вазьму.
- Ты ўжо крупы рассыпаў! Як ад цябе нiдзе не ўхаваешся. Усюды ты дападзеш.
- Гэта не я... Я вазьму гурок.
- А хто ж гэта?
- Гэта Антосеў Юрка прыходзiў. Рассыпаў крупы i два гуркi ўхвацiў i ўцёк. Я яму дам, як злаўлю дзе.
Агата сунула ў рукi яму гурок i выправадзiла з хаты. Злосная раздражненасць не пакiдала яе. Яна мучыла яе з учарашняга, калi перад вечарам брат Фэлька, скiнуўшы з воза плуг i адкасваючы порткi, запэцканыя вiльготнаю раллёю, запытаў:
- Цi праўда гэта, што Асташонак, калi браў на тым тыднi самагонку, дык управiў табе мiкалаеўскую трохрублёўку?
- Хто табе казаў?
- На полi хлопцы смяялiся. Казалi, што сам Асташонак хвалiцца ўсiм. Няхай, кажа, цяпер падае на суд. Няхай падасць, паспрабуе. I праўда, як тут падасi, каб прыйшлося, на суд, калi невядома, каго тут суд за ныркi возьме... Як бо ты глядзела! Няўжо ты не бачыш, што мiкалаеўскiя, а што савецкiя грошы...
- Вечарам. У каморцы газоўка гарэла, а я не прыглядалася. Чорт яго поўначы пазнае.
- А ўрэшце - згарыць няхай ён са сваёю трохрублёўкаю. Адно што от плёткi распускае, халера на яго.
Фэлька паставiў нанач конi, з'еў малака i пайшоў спаць на канюшыну, а яна пакуль управiлася ў хаце, шмат прайшло вячорнага часу. Стасюк спаў у хаце на ложку, высадзiўшы цыбатыя ногi з-пад кудзельнай коўдры. Агата паправiла коўдру i выйшла з хаты, поўная гаркачэчы i злосцi. Пад паветкаю, дзе ляжалi дровы i трухлявая салома з перакрытай страхi, адзывалася сонная качка. Рэшта ж усё было цiхiм. Маўчаў сад за старым парканам, i цёмныя дрэвы яго былi ў нерухомым спакоi. Трохi счакаўшы, на вулiцы ў канцы заспявалi хлопцы. Асташонкавага голасу не магла яна злавiць у песнi. Мусiць, там яго не было. Злосць на яго не пакiдала мучыць яе. Адна праседзела яна з паўгадзiны каля хаты. Па вулiцы праходзiлi хлопцы i да яе не падышлi, можа не заўважылi яе. Асташонка нiдзе не было чуваць. Пайшла назад у хату i доўга не магла заснуць.
