
З таго часу нядобрым усё было; i горш за ўсё тое, што раздражненне супроць яго не ад мiкалаеўскай трохрублёўкi было i не ад таго, што ён выхваляўся гэтым - гэта толькi псавала настрой, - а ад таго, што каторы ўжо час зусiм заходзiць пакiнуў.
Фэлька зноў быў на полi, Стасюк зусiм знiк недзе з двара.
Агата пасалiла гуркi i падмяла сенi. Асенняя муха моцна ўкусiла яе за нагу, каля вялiкага пальца. Яна пацерла ўкушаным месцам аб лытку другой нагi i пачала налiваць каля студнi ў цэбар ваду; непаласканая бялiзна ляжала на мокрым тапчане каля плота.
Дзень хiлiў да дрымоты. Сонна крычалi на вулiцы качкi, плюхаючы бруднай вадою каля карыта. Па той бок вулiцы ў суседнiм садзе звiсала над плотам вясёлая цяжкасць чырвоных арабiн; пад iмi плот быў аброслы зялёным i зусiм сухiм мохам i ўзлягаў на трухлявыя подпiркi панурым дзедам. Вiльготная каля студнi зямля прыемна халадзiла гарачыя ногi. Мокры шчанюк падышоў i ткнуўся галавою ў нагу, нiжэй калена. Агiдлiва адапхнуўшы яго, Агата стала паласкаць бялiзну.
У звiнючых кроплях вады, што лiлiся з яе голых рук, люстравалася незлiчоная рухавасць сонечных iскраў. I рукi яе, белыя i прыгожыя, былi празрыстымi i пахучымi. Гойдалася ў цэбры вада, льючыся праз край, i твару свайго выразна разгледзець у вадзе Агата не магла; толькi бялелi ў вадзе рукi, i гэта цешыла яе.
Сонца моцна грэла яшчэ. Халоднаю ж i прыемнаю была вада. I ўсё гэта патроху заспакойваць пачало раздражненасць i прытупляць злосць, i праходзiць пачала вастрата гэтай узбуджанасцi i ператварацца ў iншыя формы.
Яна ўспомнiла, - выязджаючы араць iржышча, Фэлька сказаў: "Скажы Стасюку, каб пазваў сваю канпаню абабраць iгрушы. Але каб не зваў шмат гэтых сваiх вiсусаў, а то як прывалiць гэтага зграя, дык усе грушы парасцягаюць. Гэта ж гэткая плойма!.." Яна i сама ведала, што трэба абiраць iгрушы; чуваць было, як яны стукалi ў садзе, раз-поразу падаючы на зямлю.
