Вастраносы ў задум'i:

- Гэтаю дарогай я прыехаў сюды.

Пачакаўшы:

- Бывала, у нас там, дома, у гэтую пару...

I сам над сабою ядавiта кпiць:

- Бывала, бывала!.. Не ўбачу я свайго дома.

Над полем пачынаюць шумець хвоi!

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Як жа шумяць хвоi!

Юлька слухае iх i слухае вясну.

Над лесам усходзiць месяц. I лес чорны, як ноч.

Дарогi маўчаць. Нават травой зарастаюць дарогi. Улетку раскашэльваюцца на iх трыпутнiк, малачай i мятлiца. Але чабор на межах будзе пахнуць мацней за ўсё. Вастраносы стары бацька будзе стаяць, укленчыўшы, на мяжы, высокi, худы, у белым зрэб'i - як старая абязвечаная i гордая птушка, - будзе рваць чабор, запасаць на зiму, каб было чым утаймаваць кашаль.

Тады i заработку больш будзе - жнiво, сена, поле, поле! Будуць дзяўчаты, робячы, спяваць. I Юлька з iмi.

На дарогах - месячная вiдната. У хаце - чуваць тут, на дварэ - стары бацька калыша малога:

Будзем таго ката бiць

Аддай, каток, паясок.

Шумяць хвоi над полем.

У суседнiм агародзе нарабiлася за дзень. I цяпер гэтак добра даваць супакой рукам i слухаць вясну. Пахне зямля, вада, лес. Пахне бярвенне старых хат.

Далёка брэшуць сабакi.

Над полем пачынае iсцi вецер.

Стары - чуваць - тупае па хаце. Вiдаць - глядзiць у акно.

Iдзе вецер!

Белы i малады Юльчын твар глядзiць у вiднату вясновае ночы.

Вецер.

Iдзе вецер!

1928



5 из 5