
- Яшчэ маладая, яшчэ i шчасце прыйдзе.
- Не дажыву я да яе шчасця. Колькi мне жыць засталося. Мусiць, не суджана мне шчасце бачыць. I дзецям маiм. А гэтая небарака...
- Калi неасцярога. Як гэта iсцi за невядомага чалавека? Чаго ж ты сам глядзеў?!
- Я верыў чалавеку. А яны любiлiся. А тым часам чорт яго ведае... Я не памру спакойна. Небарака Юлька з малым гэтым... От пажыў два гады, а як звольнiлi з салдат, дык годзе ўжо...
- А ён жа не звольнiўся, здаецца.
- У камандзiры выбiўся. Цяпер ужо iншая яму патрэбна, гарадская, можа, якая. Тады дык яму i мая дачка добра была, калi пайшла дзялiць з iм салдацкi паёк. Пакруцiўся недзе ў свет, толькi яго i бачылi. От прыслаў быў грошай у тым месяцы трохi. Круцiцца, пакуль галавы не скруцiць.
- Гэта ўсё, каб, кажа, не звязаны быў чалавек.
- Але ж ён не павiнен вытручваць з свайго сэрца вiнаватасць перад дзiцём сваiм i кабецiнай... Хоць гэты от малы - сабачае сiроцтва...
I зноў кашляе стары, i зноў запiвае кашаль чабром.
Адкашляўшыся, яшчэ:
- Каб гэта спосаб якi, дык чэрцi яго матару бралi з яго грашыма разам. I так цяпер менш пачаў прысылаць. Забывацца пачаў. А то сам жа прыгубiў... Каб быў работнiк, мужчына ў сям'i, дык зямлi ўзялi б - даюць, дык як жа ж тут. Яно-то i пражывецца, але ад гэтага ўсяго крыўда.
- Асталюецца як-небудзь патроху, уладзiцца i будзе жыць. Дзiця падгадуе, тады лягчэй стане. Знойдзе сабе якi-небудзь спосаб. Юлька яшчэ зусiм жа маладая.
- Маладая, - гаворыць вастраносы, адкашлiваючы харкавiнне.
Маўчаць доўга. На дарогах цiха.
Вастраносы:
- Зараз на поле выйдуць.
Сусед:
- Але. Мой хлапец ужо i насенне ачысцiў.
Вастраносы падыходзiць да акна i ўглядаецца ў палявую далячынь. Пуста i гола на полi. За дарожным скрыжаваннем шэрая дарога перакапана ровам i скрозь, з самага поля, перагароджана дротам. Ледзь прыкметна постаць пагранiчнiка на дарозе. Варушыцца далёка, малы, як муха.
