
Сталяр весела адышоў да пагрузчыкаў i сеў. А ў клуб iшлi ўсё больш людзi. Хутка ўжо каля раяля сабралася грамада новых людзей, i хор пачаў некую рэпетыцыю. Той валасаты чалавек, што граў, цяпер стаяў, застыўшы перад сваiмi, i ўсе змоўклi, як бы чакаючы чаго важнага. Валасаты чалавек раптам чуць шавяльнуў рукою.
За Дуна-а-аем...
пачалi гаварыць галасы.
Там жыве мая матачка...
далей сказалi i, як усякiя зыкi, жылi i варушылi пачуццi i думкi.
Iшлi цераз клуб з суседняга пакоя з некага сходу людзi ды прыпынялiся слухаць. I ва ўсiх iх было, можа i несвядомае, адчуванне, што на свеце многа вялiкага, вельмi патрэбнага, часамi нявыяўленага, а як чуеш яго цi бачыш адчуваеш вялiкасць i хараство жыцця, глыбiню яго, што i ў радасцi, i ў пакутах.
- Хадзем, сусед, - тузануў за руку Вiктара Зенiча сталяр, - вельмi ж я сягоння натузаўся за дзень у майстэрнi, дык спаць пара iсцi, можа жонка ўжо слёзы выплакала, калi больш там якiх прычын не знайшлося.
Вiктар Зенiч выйшаў з сталяром, пакiнуўшы з сабою напружаны настрой публiкi ў клубе.
- То чаго гэта ваша жонка кожны дзень плача? - запытаў ён у сталяра, адчуваючы да яго нешта блiзкае.
Хацелася ляпнуць яму па плячы ды загаварыць аб чым-небудзь блiзкiм, вядомым iм абодвум.
- Чаго плача? А чаму б ёй не паплакаць, калi ёй гэтак хочацца. От плача, ну i няхай плача сабе паволi. Ёй у гэтых слязах асалода, дык от i добра, што хоць ёсць ёй чым пацешыцца... Вунь там, за вашай сцяной, таксама дзяўчына плача, дык у тае асалоды ў гэтым няма, а пакута. Вось яе шкода.
"Вось жыццё, - ужо спакойна плылi думкi, - плыве i шумiць па зямлi. Чуцён i вiдзён на вулiцы i ўсюды сталяр з сваёю вечнай вясёласцю. I ўсё здаецца ружовым, слаўным, а за сцяною, у нары, тое самае - цёмным".
I хацелася выявiць перад усiм тым, што ёсць, што вось адчуваецца яно, гэтае жыццё, адно ўмiрае, другое расце, а зямля, што трымае ўсё на сабе, iмчыцца пад сонцам...
