- Як жа ты? - пытаў другi, як бы трохi з некiм расчараваннем, голас.

- У плоце, значыцца, цвiк, а я каля самага плота iду.

- То чаго ты лезеш на плот?

- А чорт жа яго ўсё ўгледзiць.

"Прайшлi людзi", - падумаў Вiктар Зенiч i пайшоў далей.

Ясна свяцiўся ў канцы вулiцы клуб. Клалiся на зямлю палосы свету з вялiкiх акон, чулiся адтуль галасы гаворак, нехта смяяўся, нехта нешта гаварыў, адзiн усiм. Звiнелi нядобра ўстаўленым шклом дзверы; Вiктар Зенiч ведаў гэты iх дакучлiвы звон i зачынiў iх за сабою паволi.

У сярэдзiне весела свяцiла электрычнасць, за вялiкiм сталом, узлёгшы адзiн на аднаго, нешта разглядалi, чутно было, як шумiць папера газеты цi можа вялiкай кнiгi. Каля процiлеглай сцяны сядзелi пагрузчыкi вагонаў, стараватыя мужчыны ў сваiх доўгiх брызентавых сарочках да кален, не пераадзяючыся прыйшлi яны сюды. А пры дзвярах нехта, з вялiкiмi валасамi i ў чорным фрэнчы, iграў на раялi вельмi ж вясёлы матыў, i здавалася, што гэта ад гэтых зыкаў i лёгкi змрок дрыжыць, што прытаiўся каля дзвярэй, дзе менш было свету. Пасярэдзiне ж у сваiм кароткiм кажушку стаяў сталяр Арсень Грабiч, трымаючыся ў бокi, i ўсё рваўся, каб выбiць нагамi нейкi танец.

- Няможна тут гэтым займацца, тут табе не пiўная, - чуўся голас.

- Братка, - угаварваў яго сталяр з вясёлым смехам, - ты адно паглядзi, што за танец, для цябе ж гэта я i скакаць сабраўся.

У яго не было жадання скакаць, але яму хацелася спрачацца, i ён рашуча адставiў нагу, як бы пачынаючы танец.

- Слухай, пакiнь!

- То калi гэтак, дык скажы музыканту, каб не граў гэтага нумару, а то я ўстаяць не магу. Няхай, калi гэтак, грае разлуку жыцця, тады я скакаць не буду, а то ён барабанiць, каб трохi, дык лявонiху, а гэты скакаць забараняе, хоча, каб жывы чалавек на месцы ўстаяў. Ды ты тут нежывога паднiмеш, не то што!.. Пара-а-адкi...



9 из 12